Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
16 сакавіка 2021, 11:20

Euronews: нямецкія выбаршчыкі вынеслі "вотум недавер'я" ўраду на чале з Меркель

16 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нямецкія выбаршчыкі вынеслі своеасаблівы вотум недавер'я ўраду на чале з канцлерам Ангелай Меркель. Так адрэагавала нямецкая апазіцыя і палітолагі на вынікі галасавання на выбарах зямельных парламентаў, якія адбыліся 14 сакавіка, паведамляе Euronews.

У зямлі Рэйнланд-Пфальц перамаглі сацыял-дэмакраты. У кіруючага Хрысціянска-дэмакратычнага саюза (ХДС) толькі 27,7 працэнта галасоў супраць 31 працэнта пяць гадоў таму. Гэта горшы вынік у гісторыі партыі. У зямлі Бадэн-Вюртэмберг перамогу атрымала партыя "Зялёныя", у той час як у ХДС 24,1 працэнта галасоў супраць 27 працэнтаў на мінулых выбарах. Паказальна, што Бадэн-Вюртэмберг і Рэйнланд-Пфальц у мінулым лічыліся цытадэлямі ХДС, дзе гэта партыя не раз атрымлівала абсалютную большасць.

"Дамы і спадары, скажам адкрыта, гэта не лепшы перадвыбарны вечар для ХДС, - прызнаў генеральны сакратар ХДС Паўль Цыміяк. - Цяпер, напярэдадні ўсеагульных выбараў у верасні, кожны голас на рахунку. Будзе жорсткая перадвыбарная кампанія, мы будзем змагацца за тое, каб утрымаць Германію ў цэнтры палітычнага спектра".

На думку аналітыкаў, галоўнымі прычынамі такога сумнага выніку кіруючай партыі ў дзвюх землях стала нездавальняючае, на думку многіх, крызіснае кіраванне ў перыяд эпідэміі, а таксама карупцыйныя скандалы, у прыватнасці, пры набыцці масак.

"Партыі ХДС давядзецца будаваць перадвыбарную кампанію ў адсутнасці папулярнага кандыдата. Ёсць таксама сігналы аб тым, што, напэўна, усё менш людзей лічаць ХДС найбольш кампетэнтнай партыяй, калі размова ідзе аб эканоміцы. Гэта можа стаць сур'ёзным выклікам для хрысціянскіх дэмакратаў", - адзначае Маціяс Дылінг, палітолаг з Оксфардскага ўніверсітэта.

Такім чынам, у абедзвюх землях магчыма кааліцыя без удзелу ХДС, у якую ўвойдуць "Зялёныя", Свабодная дэмакратычная партыя і чырвоныя Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі.

Выбары ў федэральных землях Бадэн-Вюртэмберг і Рэйланд-Пфальц адкрываюць серыю запланавных на 2021 год выбарчых кампаній, кульмінацыяй якіх стануць выбары ў бундэстаг 26 верасня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі