Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
13 сакавіка 2019, 13:40

Еўрасаюз прыпыняе палёты Boeing 737 Max

13 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Еўрапейскае агенцтва авіяцыйнай бяспекі (EASA) прыпыніла пералёты на тэрыторыі Еўрасаюза самалётаў Boeing 737 MAX 8 і 737 MAX 9. Аб гэтым паведамляе Euronews.

Забарона прадоўжыцца да высвятлення прычын авіякатастрофы ў Эфіопіі. Акрамя таго, агенцтва распарадзілася закрыць паветраную прастору для лайнераў гэтых мадыфікацый, якія належаць авіяпаркам нееўрапейскіх авіякампаній.

Раней эксплуатацыю Boeing 737 Max 8 прыпынілі Нарвегія, Эфіопія, Інданезія, Аўстралія, Кітай, Манголія, Рэспубліка Карэя, Індыя, Малайзія і Аб'яднаныя Арабскія Эміраты. Асобныя авіякампаніі таксама прынялі рашэнне аб часовай забароне палётаў гэтага самалёта. У іх ліку расійская S7, аргенцінская Aerolineas, мексіканская Aeromexico, бразільская Gol, а таксама брытанская Cayman Airways. Усяго, паводле даных на студзень бягучага года, самалёт Boeing 737 MAX 8 эксплуатуюць 46 авіякампаній. Тым часам Федэральнае ўпраўленне авіяцыі ЗША прызнала гэту мадэль самалёта прыдатнай для палётаў.

Як паведамлялася раней, 10 сакавіка самалёт Boeing 737 MAX 8 авіякампаніі Ethiopian Airlines, на борце якога знаходзіліся 157 чалавек, уключаючы васьмярых членаў экіпажа, пацярпеў крушэнне недалёка ад эфіопскага горада Дэбрэ-Зэйт. Сярод загінулых - прадстаўнікі 35 краін, уключаючы траіх расіян. У спісе ахвяр таксама значацца 22 супрацоўнікі ААН. Гэта другая катастрофа з самалётамі гэтай мадэлі за пяць месяцаў: 29 кастрычніка 2018 года разбіўся лайнер інданезійскай авіякампаніі Lion Air, тады загінулі 189 чалавек. На фоне панікі, што ўзнікла, акцыі карпарацыі Boeing у час таргоў на Нью-Ёркскай фондавай біржы 12 сакавіка ўпалі больш як на 6,5 працэнта.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі