
24 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Еўрасаюзе эканамічныя страты з-за экстрэмальных з'яў надвор'я, звязаных са змяненнем клімату, складаюць больш як 12 млрд еўра ў год. Аб гэтым заявіў першы намеснік кіраўніка Еўракамісіі (ЕК) Франс Цімерманс, прадстаўляючы сёння ў Бруселі стратэгію ЕС па адаптацыі да змянення клімату, паведамляецца на сайце ЕК.
Паводле самых кансерватыўных ацэнак, у будучым павышэнне тэмпературы на планеце больш як на 3 градусы прывядзе да штогадовых страт у памеры 170 млрд еўра. Аднак змяненне клімату ўплывае не толькі на эканоміку, але і на здароўе людзей, заявіў Франс Цімерманс. Так, хваля цяпла ў 2019 годзе забрала жыцці 2,5 тыс. чалавек у адной толькі Еўропе.
"Пандэмія COVID-19 стала яркім напамінам аб тым, што недастатковая падрыхтоўка можа мець жахлівыя наступствы. Вакцыны супраць кліматычнага крызісу няма, але мы ўсё яшчэ можам змагацца з ім і падрыхтавацца да яго непазбежных наступстваў. Наступствы змянення клімату ўжо адчуваюцца як унутры, так і за межамі Еўрапейскага саюза. Новая стратэгія адаптацыі да змянення клімату дае нам магчымасць паскорыць і паглыбіць падрыхтоўку. Калі мы будзем гатовы сёння, мы зможам пабудаваць устойлівае да змянення клімату заўтра", - заявіў Франс Цімерманс.-0-