Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
02 красавіка 2020, 13:51

Эксперты прагназуюць скарачэнне сусветнай эканомікі з-за каранавіруса

2 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У бягучым годзе з-за пандэміі COVID-19 глабальная эканоміка можа скараціцца на 1 працэнт, паведамляе Цэнтр навін ААН са спасылкай на прагноз эканамістаў арганізацыі.

Паводле слоў экспертаў, абмежаванні на перамяшчэнне людзей і закрыццё граніц у Еўропе і Паўночнай Амерыцы вельмі негатыўна паўплывалі на сектар паслуг, асабліва на тыя галіны, дзе важна фізічнае ўзаемадзеянне - такія, як рознічны продаж, гасцінічная справа, індустрыя забаў і транспарт. На іх прыпадае чвэрць працоўных месцаў у сферы абслугоўвання. Па меры таго, як бізнес будзе страчваць даход, будзе расці беспрацоўе.

У дакладзе, падрыхтаваным Дэпартаментам па эканамічных і сацыяльных пытаннях ААН, гаворыцца, што ступень цяжкасці эканамічных наступстваў будзе залежаць ад таго, як доўга будуць захоўвацца абмежаванні ў буйнейшых эканоміках, і ад маштабаў і дзейснасці фіскальных мер. Паводле слоў аўтараў, знізіць верагоднасць глыбокай рэцэсіі можна будзе шляхам укладанняў у ахову здароўя, прызначаных спыніць распаўсюджванне віруса, і фінансавай падтрымкі груп насельніцтва, асабліва пацярпелых ад пандэміі.

Пры найгоршым сцэнарыі ў 2020 годзе сусветны ВУП, замест таго каб, як прагназавалася раней, вырасці на 2,5 працэнта, скароціцца на 0,9 працэнта. Спад можа быць яшчэ глыбей, калі абмежавальныя меры будуць дзейнічаць і ў трэцім квартале 2020 года і не ўдасца спыніць зніжэнне даходаў насельніцтва і павялічыць спажывецкі попыт. Для параўнання, у час фінансавага крызісу 2009 года эканоміка скарацілася на 1,7 працэта.

Па меры распаўсюджвання пандэміі, запаволення эканамічнага росту і паглыблення няроўнасці, адзначаецца ў дакладзе, насельніцтва пачынае адчуваць глыбокую трывогу.

Эканамісты папярэджваюць, што рэзкае зніжэнне спажывецкага попыту ў Еўрапейскім саюзе і ЗША павернецца скарачэннем імпарту з краін, што сталі на шлях развіцця. Таксама будзе адчувацца змяншэнне сусветнай вытворчасці, парушэнне гандлёвых ланцужкоў і скарачэнне інвестыцый. Сур'ёзна пацерпяць і бедныя краіны, якія жывуць за кошт турызму, напрыклад, малыя астраўныя дзяржавы, дзе ў турыстычнай індустрыі заняты мільёны работнікаў.

"Неабходна тэрмінова прыняць рашучыя палітычныя меры, якія патрэбны не толькі для таго, каб стрымаць пандэмію і выратаваць жыцці, але і каб зберагчы самых безабаронных членаў грамадства ад эканамічнага краху, падтрымаць эканамічны рост і захаваць фінансавую стабільнасць", - заявіў намеснік Генеральнага сакратара ААН па эканамічных і сацыяльных пытаннях Лю Чжэньмін.

Паводле апошніх даных, агульная колькасць заражаных вірусам COVID-19 у свеце ўзрасла да 935 тыс., памерлі амаль 47 тыс. чалавек.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі