Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
03 снежня 2019, 17:34

Дзярждума РФ прыняла закон аб увядзенні з 2020 года электронных працоўных кніжак

3 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзярждума Расіі сёння на пленарным пасяджэнні прыняла ў трэцім, заключным чытанні ўрадавы законапраект аб увядзенні з 2020 года ў Расіі электронных працоўных кніжак. Аб гэтым паведамляе ТАСС.

Удакладняецца, што дакумент дае работадаўцам магчымасць збіраць у электронным выглядзе даныя аб працоўнай дзейнасці і стажы работніка, у тым ліку аб пераводах на іншую работу, займаемых пасадах, звальненні і спыненні працоўнага дагавора. Гэту інфармацыю работадавец будзе перадаваць у інфармацыйную сістэму Пенсійнага фонду Расіі (ПФР) штомесяц.

Работнікі будуць мець права запытваць у работадаўца даныя аб сваёй працоўнай дзейнасці як у папяровым выглядзе, так і ў электронным. Гэтыя звесткі таксама можна будзе атрымаць у многафункцыянальных цэнтрах аказання дзяржаўных паслуг (МФЦ) - у выглядзе папяровага дакумента, з выкарыстаннем партала "Дзяржпаслугі" - у электронным выглядзе, а ў ПФР - і ў папяровым, і ў электронным фармаце.

У другім чытанні парламентарыі прынялі шэраг істотных паправак. Цяпер, калі звесткі аб працоўнай дзейнасці работніка пазначаны няправільна, то работадавец па пісьмовай заяве супрацоўніка абавязаны выправіць або дапоўніць гэтыя даныя, накіраваўшы іх потым у ПФР. Акрамя таго, парламентарыі ўдакладнілі парадак паведамлення работнікам. Работадаўцы павінны будуць да канца чэрвеня 2020 года праінфармаваць супрацоўнікаў аб увядзенні электронных працоўных кніжак, а таксама аб праве работніка з дапамогай пісьмовай заявы зрабіць выбар паміж папяровым і электронным носьбітам.

Закон уступіць у сілу з 1 студзеня 2020 года. На працягу 2020 года работнікі змогуць адмовіцца ад атрымання электронных працоўных кніжак на карысць папяровых дакументаў шляхам падачы работадаўцу адпаведнай заявы. З 2021 года для тых, хто ўпершыню ўступае ў працоўныя адносіны, будуць весціся толькі электронныя кніжкі.

Змяненні закрануць амаль 60 млн работнікаў і 8,4 млн суб'ектаў гаспадарання, уключаючы прадпрымальнікаў без утварэння юрыдычнай асобы, адзначыў старшыня Дзярждумы РФ Вячаслаў Валодзін. Пры гэтым, падкрэсліў ён, пераход на электронныя працоўныя кніжкі будзе добраахвотным і паступовым. Паводле слоў спікера, гэты закон дасць магчымасць бізнесу вызваліць аддзелы кадраў ад залішніх працазатрат на вядзенне працоўных кніжак работнікаў ва ўстарэлай папяровай форме. Для саміх работнікаў з'яўленне электроннай працоўнай кніжкі звядзе да мінімуму рызыкі страты звестак і вызваліць ад абавязку самім займацца аднаўленнем звестак аб працоўным стажы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі