Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
23 студзеня 2020, 16:06

Дзярждума прыняла ў першым чытанні змяненні ў Канстытуцыю РФ

23 студзеня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Дзярждума Расіі прыняла сёння ў першым чытанні законапраект аб папраўцы да Канстытуцыі РФ "Аб удасканаленні рэгулявання асобных пытанняў арганізацыі публічнай улады". Унясенне змяненняў у Асноўны закон падтрымана ўсімі фракцыямі ніжняй палаты парламента, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Папраўка, якая займае па аб'ёме амаль два дзясяткі старонак, прадугледжвае ўнясенне змяненняў у 22 артыкулы глаў Канстытуцыі "Федэратыўны лад", "Прэзідэнт РФ", "Федэральны сход", "Урад РФ", "Судовая ўлада і пракуратура", "Мясцовае самакіраванне". Яна ўлічвае ўсе тэзісы, якія былі абазначаны ўсяго тыдзень таму, 15 студзеня, прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным у пасланні Федэральнаму сходу.

Згодна з папраўкай, парламент краіны атрымае новыя паўнамоцтвы. Дзярждума будзе зацвярджаць кандыдатуры прэм'ер-міністра, яго намеснікаў і федэральных міністраў, пасля чаго яны будуць назначацца на пасады Прэзідэнтам. На гэты час Прэзідэнт толькі атрымлівае згоду Дзярждумы па кандыдатуры прэм'ер-міністра, а потым ужо сам назначае кіраўніка ўрада, яго намеснікаў і ўсіх міністраў. Пры гэтым Прэзідэнт захавае за сабой права адхіляць ад пасады прэм'ер-міністра і федэральных міністраў, аднак, як тлумачылася пры абмеркаванні праекта, адстаўка кіраўніка ўрада па новай норме не будзе азначаць аўтаматычную адстаўку ўсяго Кабінета міністраў.

У той жа час назначаць міністраў сілавога блока, у веданні якіх находзяцца пытанні абароны, бяспекі дзяржавы, унутраных спраў, юстыцыі, замежных спраў, прадухілення надзвычайных сітуацый і ліквідацыі наступстваў стыхійных бедстваў, грамадскай бяспекі, прэзідэнт зможа пасля кансультацый з Саветам Федэрацыі. Акрамя таго, верхняя палата парламента будзе ўдзельнічаць у кансультацыях па кандыдатурах пракурораў рэгіёнаў, якія цяпер назначаюцца на пасаду прэзідэнтам па прадстаўленні генеральнага пракурора.

Паўнамоцтвы Савета Федэрацыі будуць пашыраны і адносна судовай сістэмы: сенатары змогуць спыняць па прадстаўленні прэзідэнта паўнамоцтвы суддзяў Канстытуцыйнага суда, Вярхоўнага суда, суддзяў касацыйных і апеляцыйных судоў у выпадку ажыццяўлення апошнімі ўчынку, які знеслаўляе гонар і годнасць суддзі. Склад Канстытуцыйнага суда прапануецца скараціць з цяперашніх 19 да 11 суддзяў, а сам вышэйшы судовы орган атрымае права правяраць па запатрабаванні Прэзідэнта федэральныя і федэральныя канстытуцыйныя законы, а таксама законы суб'ектаў РФ да іх падпісання, а не пасля ўступлення ў сілу, як цяпер.

Папраўка прадугледжвае замацаванне ў Канстытуцыі статусу Дзяржаўнага савета, які будзе фарміравацца прэзідэнтам. Разам з тым падрабязна мэты, задачы і функцыі Дзяржсавета плануецца вызначыць пазней асобным канстытуцыйным законам. Прадугледжваецца, што ў веданні Дзяржсавета будуць знаходзіцца пытанні як знешняй, так і ўнутранай палітыкі.

Што датычыцца прэзідэнцкай галіны ўлады, то папраўка прадугледжвае адмену ў Канстытуцыі агаворкі "запар" адносна тэрмінаў паўнамоцтваў прэзідэнта РФ. Новая норма Асноўнага закона будзе гучаць так: "Адна і тая ж асоба не можа займаць пасаду прэзідэнта РФ больш за два тэрміны". Для кандыдатаў на пасаду кіраўніка дзяржавы прапануецца павялічыць з цяперашніх 10 да 25 гадоў неабходны тэрмін пражывання на тэрыторыі Расіі. Акрамя таго, для кандыдатаў на вышэйшую дзяржаўную пасаду ўводзіцца забарона мець калі-небудзь замежнае грамадзянства або пасведчанне на права жыхарства ў іншай дзяржаве. Аднак апошняе патрабаванне, у адпаведнасці з папраўкай, не будзе распаўсюджваецца на тых, хто меў "грамадзянства дзяржавы, якая была прынята або частка якой была прынята ў Расійскую Федэрацыю ў адпаведнасці з федэральным канстытуцыйным законам".

Аналагічныя абмежаванні ў частцы замежнага грамадзянства або пасведчання на права жыхарства будуць распаўсюджаны таксама на вышэйшых службовых асоб суб'ектаў РФ, членаў Савета Федэрацыі, дэпутатаў Дзяржаўнай думы, прэм'ер-міністра, яго намеснікаў, федэральных міністраў, кіраўнікоў іншых федэральных дзяржаўных органаў і суддзяў за выключэннем таго, што яны маглі мець замежнае грамадзянства ў мінулым.

Прапануецца таксама ўвесці норму, згодна з якой Расія можа ўдзельнічаць у міждзяржаўных аб'яднаннях або перадаваць ім частку сваіх паўнамоцтваў у адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі РФ, "калі гэта не прыводзіць да абмежавання правоў і свабод чалавека і грамадзяніна і не супярэчыць асновам канстытуцыйнага ладу РФ". Рашэнні міждзяржаўных органаў, якія супярэчаць Канстытуцыі, не выконваюцца, гаворыцца ў прынятым у першым чытанні праекце.

Частка прадугледжаных папраўкай змяненняў датычыцца сацыяльных гарантый грамадзянам. У прыватнасці, у Канстытуцыі прапануецца прапісаць, што ў РФ гарантуюцца мінімальны памер аплаты працы "не меншы за велічыню пражытачнага мінімуму працаздольнага насельніцтва ў цэлым па РФ і індэксацыя сацыяльных дапамог і іншых сацыяльных выплат у парадку, устаноўленым федэральным законам". Акрамя таго, плануецца замацаваць палажэнне, што "ў РФ фарміруецца сістэма пенсійнага забеспячэння грамадзян на аснове прынцыпаў усеагульнасці, справядлівасці і салідарнасці пакаленняў і падтрымліваецца яе эфектыўнае функцыянаванне, а таксама рэгулярна ажыццяўляецца індэксацыя памеру пенсій у парадку, устаноўленым федэральным законам".

Плануецца, што ў другім чытанні законапраект аб папраўцы да Канстытуцыі будзе разгледжаны Дзярждумай праз 15 дзён, на працягу якіх дэпутаты змогуць унесці свае прапановы. Напрыклад, дадаткова прадугледжваецца прапісаць механізм, які не дасць парламенту магчымасці зацягваць з назначэннем урада. Трэба будзе таксама выпрацаваць працэдуру правядзення агульнарасійскага галасавання па папраўцы. Аднак такое галасаванне ў якой бы ні было форме ў любым выпадку ўжо адбудзецца пасля таго, як змяненні ў Канстытуцыю будуць адобраны абедзвюма палатамі парламента і заканадаўчымі сходамі рэгіёнаў. Разам з тым, як адзначалася пры разглядзе праекта дэпутатамі Дзярждумы, у выпадку, калі грамадзяне Расіі прагаласуюць супраць, папраўка не ўступіць у сілу.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі