Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
16 студзеня 2020, 17:22

Дзярждума адобрыла кандыдатуру Мішусціна на пасаду прэм'ер-міністра Расіі

16 студзеня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Дзярждума сёння на пленарным пасяджэнні адобрыла прапанаваную Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным кандыдатуру Міхаіла Мішусціна на пасаду прэм'ер-міністра РФ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

За кандыдатуру Міхаіла Мішусціна прагаласавалі 383 парламентарыі, устрымаўся 41, галасоў супраць не было. Яго падтрымалі думскія фракцыі партый "Адзіная Расія", "Справядлівая Расія" і ЛДПР, прадстаўнікі КПРФ устрымаліся. Як заўважыў спікер Дзярждумы Вячаслаў Валодзін, упершыню ў навейшай расійскай гісторыі пры галасаванні за кандыдата на пасаду прэм'ер-міністра ніхто не прагаласаваў супраць. "Кандыдатура, прапанаваная прэзідэнтам, аб'яднала ўсіх", - канстатаваў спікер. Аднак, дадаў ён, рэкорд падтрымкі ўсё ж пабіты не быў: у 2008 годзе пры галасаванні за кандыдатуру Уладзіміра Пуціна на пасаду кіраўніка ўрада выступілі 392 парламентарыі.

Перад працэдурай галасавання Міхаіл Мішусцін сцісла прадставіў праграму асноўных дзеянняў будучага ўрада і адказаў на пытанні дэпутатаў. Сярод прыярытэтаў ён назваў узмацненне сацыяльнай справядлівасці, рост эканомікі і павышэнне рэальных даходаў грамадзян, лічбавізацыю рэальнага сектара эканомікі, павышэнне экспартнага патэнцыялу аграпрамысловага комплексу, развіццё транспартнай інфраструктуры і абаронна-прамысловага комплексу. Асобна ён выказаўся аб неабходнасці зняцця залішніх бар'ераў для бізнесу і вяртання страчанага даверу паміж бізнесам і ўладай.

У час абмеркавання спікер Дзярждумы паведаміў, што ў час дыялогу прадстаўнікоў ніжняй палаты парламента з кандыдатам на пасаду прэм'ер-міністра прагучалі прапановы пакінуць некаторых членаў ранейшага кабінета міністраў у новым складзе ўрада. Фракцыі Дзярждумы на сустрэчах з Міхаілам Мішусціным больш за ўсё крытыкавалі міністраў працы, аховы здароўя, асветы і культуры.

Міхаілу Мішусціну, які да апошняга часу кіраваў Федэральнай падатковай службай, 53 гады. Ён скончыў Маскоўскі станкаінструментальны інстытут па спецыяльнасці "сістэмы аўтаматызаванага праектавання", атрымаўшы кваліфікацыю інжынера-сістэматэхніка, затым пры гэтым жа інстытуце скончыў аспірантуру. Пасля вучобы працаваў дырэктарам тэставай лабараторыі, пазней узначаліў праўленне Міжнароднага камп'ютарнага клуба - грамадскай некамерцыйнай арганізацыі. У 1998 годзе паступіў на дзяржслужбу ў Дзяржаўную падатковую службу РФ, потым працаваў намеснікам міністра па падатках і зборах, кіраўніком Федэральнага агенцтва кадастра аб'ектаў нерухомай маёмасці, кіраўніком Федэральнага агенцтва па кіраванні асобымі эканамічнымі зонамі. У 2008-2010 гадах займаўся бізнесам. У красавіку 2010 года быў назначаны кіраўніком Федэральнай падатковай службы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі