Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
24 сакавіка 2021, 12:22

Дваццаці краінам свету пагражае поўнамаштабны голад

24 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дваццаць краін свету маюць патрэбу ў тэрміновай харчовай дапамозе, у адваротным выпадку ім пагражае поўнамаштабны голад. З такім папярэджаннем выступілі дзве ўстановы ААН, якія займаюцца пытаннямі харчавання, паведамляе Цэнтр навін ААН.

Жыхары Емена, Паўднёвага Судана і поўначы Нігерыі ўжо на парозе галоднай смерці, папярэджваюць аўтары даклада, падрыхтаванага Сусветнай харчовай праграмай (СХП) і Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыяй Аб'яднаных Нацый (ФАО).

Хоць пераважная большасць краін, якія сутыкнуліся з пагрозай голаду, знаходзіцца ў Афрыцы, гэта праблема актуальна і для іншых рэгіёнаў. Афганістан у Азіі, Сірыя і Ліван на Блізкім Усходзе, Гаіці ў Лацінскай Амерыцы - гэтыя і іншыя дзяржавы не абыдуцца без дапамогі міжнароднай супольнасці, сцвярджаюць эксперты.

Трыццаць чатыры мільёны чалавек знаходзяцца "за адзін крок ад галоднай смерці" - па класіфікацыі ФАО гэта азначае "чацвёртую ступень вострай няхваткі прадуктаў харчавання". "Маштабы пакут людзей выклікаюць вялікую занепакоенасць. Наш агульны абавязак - прыняць меры, каб выратаваць жыцці, абараніць крыніцы даходу насельніцтва і прадухіліць далейшае пагаршэнне сітуацыі", - адзначае генеральны дырэктар ФАО Цюй Дун'юй.

Ён нагадаў, што ў многіх рэгіёнах свету пачалася або хутка пачнецца пасяўная: неабходна скарыстацца момантам, каб дапамагчы краінам павялічыць аб'ёмы вытворчасці прадуктаў харчавання.

"На нашых вачах разгортваецца трагедыя: канфлікты, кліматычныя катаклізмы і пандэмія COVID-19 пагаршаюць пагрозу голаду, які ўжо стукае ў дзверы мільёнаў сем'яў", - папярэдзіў кіраўнік Сусветнай харчовай праграмы (СХП) Дэвід Біслі, каменціруючы новы даклад.

Паводле яго слоў, каб прадухіліць голад, неабходна ў тэрміновым парадку спыніць баявыя дзеянні, забяспечыць гуманітарны доступ да самых слабаабароненых слаёў насельніцтва, а таксама сабраць запытаныя ў гэтым годзе на барацьбу з голадам $5,5 млрд.

Між тым цяпер, як адзначаюць у ФАО, сітуацыя развіваецца ў іншым напрамку. У Афганістане, Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы, Эфіопіі, на поўначы Нігерыі, у Самалі і Паўднёвым Судане абвастраюцца канфлікты, а пандэмія і звязаныя з ёй абмежаванні яшчэ больш ускладняюць жыццё людзей па ўсім свеце. У Емене, Ліване і іншых краінах Блізкага Усходу абясцэньваецца валюта і расце інфляцыя.

Акрамя таго, у бліжэйшыя месяцы чакаюцца новыя катаклізмы надвор'я, у тым ліку звязаныя з кліматычным феноменам Ла-Нінья. Гэта можа прывесці да пагаршэння сітуацыі з прадуктамі харчавання ў Афганістане, Мадагаскары і краінах Афрыканскага рога.

Нашэсці пустыннай саранчы пагражае дзяржавам усходняй часткі афрыканскага кантынента - у шэрагу раёнаў Анголы, Батсваны, Намібіі, Замбіі і Зімбабвэ насякомыя могуць знішчыць увесь ураджай.

Пры ўсім гэтым у многія раёны свету вельмі складана дастаўляць дапамогу - установы ААН нагадваюць міжнароднай супольнасці аб неабходнасці тэрмінова вырашыць пытанне гуманітарнага доступу. У дакладзе змешчаны канкрэтныя рэкамендацыі па кожным "гарачым пункце" - так называюць аўтары даклада раёны, дзе пагроза голаду асабліва вялікая.

У ліку прапанаваных мер - пашырэнне дапамогі, дастаўка насення, вакцынацыя жывёл, фінансавая дапамога, рамонт прыстасаванняў для збору вады і многія іншыя.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі