Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
05 лістапада 2018, 12:23

Другая частка санкцый ЗША адносна Ірана ўступае ў сілу

5 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Другая частка санкцый ЗША адносна Ірана ў сувязі з выхадам амерыканскага боку з Сумеснага ўсёабдымнага плана дзеянняў (СУПД) па іранскай ядзернай праграме ўступае ў сілу з сённяшняга дня, паведамляе ТАСС.

Новая хваля рэстрыкцый закране энергетычную галіну Ірана, здзелкі, звязаныя з нафтай, а таксама транзакцыі ЦБ Ірана, суднаходства і суднабудаванне.

Раней паведамлялася, што ЗША аднаўляе санкцыі ў два этапы. Першая частка ўступіла ў сілу пасля 6 жніўня і ахапіла аўтамабілебудаўнічы сектар Ірана і куплю-продаж золата і іншых ключавых металаў.

Як заявіў спецпрадстаўнік ЗША па Іране Браян Хук, адміністрацыя Белага дома мае намер скараціць да нуля нафтавыя даходы Ірана з дапамогай энергетычных санкцый. Ён таксама падкрэсліў, што амерыканскія ўлады працуюць над тым, каб мінімізаваць дэстабілізацыю глабальнага рынку.

Напярэдадні новага этапу санкцый кіраўнік Дзярждэпартамента ЗША Майкл Пампеа заявіў, што 5 лістапада апублікуе спіс з васьмі краін, якія часова выводзяцца з-пад антыіранскіх абмежаванняў. Майкл Пампеа не назваў гэтыя краіны, аднак паведаміў, што такое выключэнне не было зроблена для дзяржаў Еўрапейскага саюза. Як пазней удакладніў Браян Хук, гэтыя краіны будуць выведзены з-пад санкцый на 180 дзён без магчымасці прадаўжэння гэтага тэрміну.

Міністр фінансаў ЗША Стывен Мнучын падкрэсліў, што ЗША будуць прымаць агрэсіўныя меры супраць спецыяльнага механізма Еўрасаюза для гандлёвых разлікаў з Іранам. "Я не чакаю нейкіх значных транзакцый, якія будуць праходзіць праз спецыяльны механізм", - сказаў ён. "Але калі з'явяцца даныя аб спецыяльным механізме, што з яго дапамогай праводзяцца транзакцыі, мэта якіх - абысці нашы санкцыі, мы будзем агрэсіўна прымаць меры", - дадаў Стывен Мнучын.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп 8 мая аб'явіў аб выхадзе з СУПД і абяцаў не толькі вярнуць старыя, але і ўвесці новыя санкцыі адносна Ірана. Ён запэўніў, што Вашынгтон гатовы да заключэння новага пагаднення замест СУПД, аднак Ірану выставілі фактычна заведама невыканальныя ўмовы.

Дональд Трамп неаднаразова заяўляў, што іранская здзелка "дэфектыўная на корані". Ён таксама абвінаваціў Тэгеран у падтрымцы тэрарыстычных груповак у рэгіёне. Кіраўнік Белага дома лічыць, што захаванне СУПД па іранскай ядзернай праграме можа стаць пачаткам гонкі ядзерных узбраенняў на Блізкім Усходзе. Пазней амерыканскія ўлады заявілі, што разгортваюць кампанію максімальнага эканамічнага і дыпламатычнага націску на Іран.

У адказ на дзеянні ЗША ўлады Ірана выказалі ўпэўненасць, што сусветная супольнасць выступае супраць новых рэстрыкцый. Кіраўнік і духоўны лідар Ірана аятала Алі Хаменеі заявіў, што санкцыі ЗША ў адносінах да Ірана робяць эканоміку краіны больш самадастатковай. "Мэта ўвядзення санкцый ЗША - паралізаваць і прадухіліць рост нацыянальнай эканомікі, аднак гэта прывяло да руху ў напрамку да самадастатковасці Ірана. Іранская нацыя гадамі ўсё імпартавала, цяпер у яе выпрацавалася прывычка ўсё вырабляць", - сказаў Алі Хаменеі.

У МЗС Ірана выказалі ўпэўненасць, што ЗША імкнуцца да развязвання працяглай псіхалагічнай вайны ў адносінах да Ірана, уводзячы новыя санкцыі супраць гэтай краіны. Як заявіў прадстаўнік МЗС рэспублікі Бахрам Гасемі, Тэгеран не адчувае якога-небудзь хвалявання з-за новага пакета санкцый. Ён таксама падкрэсліў, што санкцыі ЗША накіраваны на тое, каб скрыць правалы ў эканоміцы саміх Злучаных Штатаў, у той час як у Ірана дастаткова магчымасцей і ведаў для паспяховага кіравання сваёй эканомікай.

Краіны Еўрасаюза, нягледзячы на санкцыі ЗША, заявілі аб рашучасці працягваць работу па пашырэнні эканамічных кантактаў еўрапейскіх кампаній з Іранам і ствараць механізм фінансавых разлікаў з Тэгеранам для абходу гэтых санкцый. Як гаворыцца ў заяве знешнепалітычнай службы Еўрасаюза, "удзельнікі СУПД прыхільны да прадаўжэння работы над захаваннем і падтрыманнем эфектыўных фінансавых каналаў з Іранам, у тым ліку для падтрымання экспарту іранскіх нафты і газу".

У заяве таксама падкрэсліваецца, што ЕС працягвае работу з Расіяй і Кітаем, а таксама трэцімі краінамі, зацікаўленымі ў захаванні СУПД. Еўрасаюз падкрэсліў, што чакае ад Ірана прадаўжэння выканання сваёй часткі абавязацельстваў па СУПД, які "працуе і працягвае выконваць свае задачы". У дакуменце таксама адзначаецца, што МАГАТЭ ў 12 паслядоўных справаздачах пацвердзіла выкананне Іранам сваёй часткі ўмоў пагаднення.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі