Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
20 кастрычніка 2021, 13:06

Дамашні рэжым з-за COVID-19 у Маскве закране 2,5 млн чалавек

20 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Так званы дамашні рэжым, які ўводзіцца ў Маскве з 25 кастрычніка, закране амаль 1,9 млн пажылых людзей і каля 0,6 млн гараджан з хранічнымі захворваннямі. Аб гэтым заявіла намеснік мэра Масквы па пытаннях сацыяльнага развіцця Настасся Ракава, паведамляе ТАСС.

"У Маскве каля 3 млн пенсіянераў. З іх 135 тыс. перахварэлі за апошнія паўгода, 1 млн чалавек завяршылі вакцынацыю. Такім чынам, мера закране амаль 1,9 млн пажылых масквічоў. Акрамя таго, гэтыя рашэнні таксама закрануць каля 600 тыс. людзей з хранічнымі захворваннямі маладзейшых за 60 гадоў, за выключэннем вакцынаваных і тых, хто перахварэў", - сказала намеснік мэра.

Настасся Ракава адзначыла, што сітуацыя з каранавірусам у Маскве пагаршаецца, захваральнасць пяць тыдняў запар расце на 30 працэнтаў. Яна таксама падкрэсліла, што аб'ём планавай медыцынскай дапамогі ў сталіцы не збіраюцца скарачаць з-за сітуацыі з каранавірусам, 80 працэнтаў задзейнічаных магутнасцей - гэта рэзервовы ложкавы фонд.

Раней мэр Масквы Сяргей Сабянін паведаміў, што ў сталіцы будуць уведзены новыя абмежаванні з-за сітуацыі з каранавірусам. З 25 кастрычніка масквічы ва ўзросце старэйшым за 60 гадоў і грамадзяне, якія маюць хранічныя захворванні, павінны будуць захоўваць дамашні рэжым. Ад гэтага патрабавання вызваляюцца грамадзяне, вакцынаваныя або тыя, хто перахварэў на каранавірус на працягу апошніх 6 месяцаў. Новая мера будзе дзейнічаць да 25 лютага 2022 года.

Таксама работадаўцы ў Маскве будуць абавязаны перавесці на дыстанцыйны рэжым работы не менш за 30 працэнтаў ад агульнай колькасці супрацоўнікаў, а таксама ўсіх работнікаў старэйшых за 60 гадоў і тых, хто мае хранічныя захворванні. Абмежаванне будзе дзейнічаць з 25 кастрычніка бягучага года па 25 лютага 2022 года. Выключэнне прадугледжана для супрацоўнікаў, чыя прысутнасць на рабочым месцы з'яўляецца крытычна важнай для функцыянавання арганізацыі. Таксама патрабаванне аб аддаленым рэжыме работы не будзе распаўсюджвацца на вакцынаваных супрацоўнікаў, і тых супрацоўнікаў, якія перахварэлі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі