Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
23 лістапада 2020, 15:35

COVID-19 у Еўропе ідзе на спад, каранцін могуць аслабіць

23 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У шэрагу еўрапейскіх краін захваральнасць на каранавірус пайшла на спад. Напярэдадні Раства і Новага года некаторыя краіны рыхтуюцца аслабіць санітарныя абмежаванні, паведамляе ТАСС.

Значна зніжаецца захваральнасць у Бельгіі (3,2 тыс. за мінулыя суткі супраць максімальных восенню 23,9 тыс.), Нідэрландах (5,4 тыс. супраць 11,1 тыс.), Польшчы (18,5 тыс. супраць 28 тыс.), Францыі (13,2 тыс. супраць 88,8 тыс.) і Чэхіі (1,5 тыс. супраць 15,7 тыс.).

Сутачны прырост у Вялікабрытаніі (18,6 тыс.), Германіі (11 тыс.), Іспаніі (15 тыс.) і Італіі (37,2 тыс.) таксама зніжаецца, хоць і застаецца значна вышэйшым за максімумы вясенняй успышкі.

Еўрапейскія краіны займаюць палавіну месцаў у першай дзясятцы краін свету з найбольшай колькасцю інфіцыраваных: Францыя (2,14 млн хворых) знаходзіцца на чацвёртым радку, за ёй ідуць Расія (2,11 млн), Іспанія (1,56 млн), Вялікабрытанія (1,51 млн) і Італія (1,4 млн).

Смяротнасць з-за каранавіруса ў краінах Еўропы таксама высокая: у Бельгіі на 1 млн насельніцтва прыпадае больш за 1,3 тыс. памерлых, у Іспаніі - 911, у Італіі - 825, у Вялікабрытаніі - 809, у Францыі - 746, у Расіі - 248.

Улады большасці еўрапейскіх краін разлічваюць пры паляпшэнні становішча зняць або аслабіць частку абмежаванняў ужо да калядных канікулаў - канца снежня.

Так, у Чэхіі каменданцкая гадзіна будзе пачынацца пазней на дзве гадзіны - у 23.00. На вуліцах будзе дазволены гандаль традыцыйнымі каляднымі ўпрыгажэннямі і падарункамі пры большай колькасці наведвальнікаў. Аднак установы грамадскага харчавання, школы, спартыўныя і культурныя аб'екты, як і большасць магазінаў, застануцца закрытымі.

У Польшчы з 28 лістапада зноў пачнуць працаваць магазіны і гандлёвыя цэнтры, але пры абмежаванай колькасці наведвальнікаў. Астатнія ж установы адкрыюцца не раней за Раство.

У Вялікабрытаніі, паводле папярэдніх даных, каранцін не будзе прадоўжаны пасля 2 снежня. Аднак на змену яму прыйдзе трохступеньчатая сістэма лакальных абмежаванняў.

У Германіі канцлер Ангела Меркель разглядае магчымасць выканаць сваё абяцанне і "выратаваць Раство", значна алабіўшы каранцін, але зыходзіць з неабходнасці пасля свят зноў яго зрабіць больш строгім.

Паводле даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, усяго ў Еўропе з пачатку пандэміі каранавірусам заразіліся 16,9 млн чалавек, 375,7 тыс. памерлі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі