
6 красавіка, Сеул /БЕЛТА - Рэнхап/. Былы прэзідэнт Рэспублікі Карэя Пак Кын Хе прыгаворана да 24 гадоў турмы, а таксама абавязана выплаціць 18 млрд вон (каля $17,5 млн) штрафу ў выніку вялікага карупцыйнага скандалу.
Цэнтральны раённы суд Сеула вынес вердыкт экс-прэзідэнту Пак Кын Хе на адкрытым судовым пасяджэнні, якое ўпершыню ў гісторыі краіны трансліравалася ў прамым тэлеэфіры, праз год пасля яе арышту.
Былы лідар Рэспублікі Карэя прызнана вінаватай па 16 пунктах абвінавачання, сярод якіх хабарніцтва, вымагальніцтва і злоўжыванне ўладай.
Сама Пак Кын Хе адмовілася прысутнічаць на судовым разглядзе. Яна байкатавала слуханне ў знак пратэсту супраць рашэння суда аб прадаўжэнні тэрміну пазбаўлення волі на шэсць месяцаў, якое было вынесена ў кастрычніку.
Пак Кын Хе стала першай у гісторыі Рэспублікі Карэя жанчынай-прэзідэнтам (была выбрана ў 2013 годзе), а таксама першым у паўднёвакарэйскай гісторыі прэзідэнтам краіны, які быў адпраўлены ў адстаўку ў выніку імпічменту.
Палітычны скандал вакол паўднёвакарэйскага лідара разгарэўся ў кастрычніку 2016 года. Фармальна яна была адхілена ад пасады Канстытуцыйным судом 10 сакавіка 2017 года.-0-