Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
26 лістапада 2019, 10:28

Брытанскі парламент адновіць работу 17 снежня пасля правядзення датэрміновых выбараў

26 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Работа парламента Вялікабрытаніі будзе адноўлена 17 снежня пасля правядзення датэрміновых парламенцкіх выбараў. Аб гэтым паведамляе ТАСС са спасылкай на сайт брытанскага ўрада.

Парламент быў распушчаны 6 лістапада для правядзення кампаніі перад выбарамі, якія адбудуцца 12 снежня (іх вынікі будуць вядомы на наступны дзень). Як у час перадвыбарнай гонкі неаднаразова абяцаў кіраўнік брытанскага ўрада Борыс Джонсан, калі Кансерватыўная партыя застанецца ва ўладзе, ён мае намер адразу ж пасля аднаўлення работы парламента паставіць на галасаванне законапраект аб правядзенні Brexit у адпаведнасці з умовамі дасягнутай ім здзелкі з Бруселем.

У выпадку перамогі кансерватараў цырымонія афіцыйнага адкрыцця парламента, на якой з троннай прамовай выступіць Яе Вялікасць Лізавета II, адбудзецца 19 снежня. Калі ж па выніках выбараў улада ў краіне зменіцца, то тронная прамова, у якой новы ўрад аб'яўляе сваю праграму, будзе перанесена на студзень.

З-за таго, што выбары будуць датэрміновымі і адбудуцца незадоўга да Раства, на ўрачыстым адкрыцці парламента будуць выконвацца не ўсе афіцыйныя цырымоніі. Так, каралева прыбудзе ў Вестмінстэрскі палац у лімузіне, а не ў карэце і не будзе адзета ў мантыю з каралеўскай каронай. Колькасць прыдворных, якія будуць яе суправаджаць, таксама будзе меншай, чым звычайна.

Кансерватыўны ўрад меншасці дабіўся правядзення датэрміновых выбараў у брытанскі парламент, каб паспрабаваць вывесці з тупіка сітуацыю з Brexit. Выхад Злучанага Каралеўства са складу ЕС быў адкладзены да 31 студзеня 2020 года, паколькі Борысу Джонсану не ўдалося ў кароткі тэрмін правесці праз Палату абшчын дасягнутае ім пагадненне з Бруселем аб умовах "разводу" бакоў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі