
24 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Борыс Джонсан сёння афіцыйна ўступіць на пасаду прэм'ер-міністра Злучанага Каралеўства, змяніўшы на гэтай пасадзе Тэрэзу Мэй, якая ўзначальвала ўрад з 13 ліпеня 2016 года, паведамляе ТАСС.
Былы кіраўнік МЗС Вялікабрытаніі і экс-мэр Лондана атрымаў пераканаўчую перамогу на выбарах новага лідара правячай Кансерватыўнай партыі, апярэдзіўшы свайго адзінага апанента - дзеючага кіраўніка Міністэрства замежных спраў Джэрэмі Ханта.
Перадача ўлады дзеючага кіраўніка ўрада пераемніку па традыцыі адбываецца ў максімальна сціслыя тэрміны. Злучанае Каралеўства застаецца без прэм'ер-міністра прыкладна на гадзіну. Як чакаецца, Мэй сёння апошні раз з'явіцца ў Палаце абшчын у якасці прэм'ера і дасць дэпутатам адказы на пытанні, якія іх цікавяць. Пасля чаго, прыкладна ў 15.00 па мясцовым часе, яна накіруецца ў Букінгемскі палац, каб перадаць прашэнне аб адстаўцы каралеве Лізавеце II.
Услед за Мэй з каралевай сустрэнецца Джонсан, якому яна даручыць сфарміраваць урад. Ён стане 14-м брытанскім прэм'ерам у эпоху праўлення Лізаветы II. Пасля аўдыенцыі з каралевай Джонсан у якасці прэм'ер-міністра прыбудзе на Даўнінг-стрыт, 10, будынак, які ўзведзены ў XVII стагоддзі і вось ужо 114 гадоў выкарыстоўваецца як афіцыйная рэзідэнцыя прэм'ер-міністраў Злучанага Каралеўства.
Пасля ўступлення на пасаду прэм'ер-міністра Борыс Джонсан павінен будзе напісаць ад рукі сакрэтныя пісьмы на выпадак ядзернай атакі і гібелі ўрада. Чатыры так званыя пісьмы апошняй надзеі будуць адпраўлены камандзірам чатырох падводных лодак, на ўзбраенні якіх знаходзяцца балістычныя ракеты з ядзернымі боегалоўкамі.
Змест гэтых пісем ніколі не будзе абнародаваны. Калі прэм'ер-міністр пакідае пасаду, яны знішчаюцца. Лічыцца, што яны змяшчаюць чатыры варыянты дзеянняў: нанясенне ядзернага ўдару ў адказ, устрыманне ад кары, прыняцце ваеннымі рашэння на свой пункт гледжання або пераход пад камандаванне саюзнай дзяржавы.
Борыс Джонсан нарадзіўся 19 чэрвеня 1964 года ў Нью-Ёрку і адразу ж атрымаў два грамадзянствы - брытанскае і амерыканскае. Па паходжанні Джонсан - арыстакрат. Па мацярынскай лініі новы брытанскі лідар з'яўляецца нашчадкам Георга II Гановерскага (1683-1760), караля Вялікабрытаніі і Ірландыі, курфюрста Гановера і герцага Браўншвейг-Люнебургскага. Яго прадзед па лініі бацькі быў газетны выдавец і паэт Алі Кемаль Бей, які ў 1919 годзе займаў пасаду міністра ўнутраных спраў Асманскай імперыі.-0-