Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
23 кастрычніка 2018, 10:41

Болтан паабяцаў новыя кансультацыі з Расіяй перад выхадам ЗША з ДРСМД

23 кастрычніка, Мінск /БЕЛТА - ТАСС/. Злучаныя Штаты сур'ёзна настроены на выхад з Дагавора аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці (ДРСМД), аднак плануюць правесці дадатковыя кансультацыі са сваімі саюзнікамі і Масквой перад тым, як афіцыйна аб'явіць Расіі аб такім рашэнні, паведамляе ТАСС.

Аб гэтым заявіў у распаўсюджаным 22 кастрычніка інтэрв'ю газеце The Wall Street Journal памочнік прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джон Болтан, які знаходзіцца з візітам у Расіі.

Болтан падкрэсліў, што 20 кастрычніка прэзідэнт Дональд Трамп максімальна выразна расказаў аб далейшых кроках ЗША адносна ДРСМД. "Калі праслухаць заяву прэзідэнта, зробленую ў суботу ў Невадзе, то я лічу, што яна была вельмі цвёрдай, вельмі зразумелай і вельмі прамой адносна таго, як Злучаныя Штаты збіраюцца дзейнічаць", - сказаў памочнік кіраўніка дзяржавы па нацбяспецы. Аднак ён інфармаваў, што адміністрацыя Трампа "збіраецца правесці шмат кансультацый з саюзнікамі ў Еўропе і Азіі і дакладна збіраецца правесці дадатковыя кансультацыі з Расіяй".

Раней сустрэчу з Болтанам правёў сакратар Савета бяспекі Расійскай Федэрацыі Мікалай Патрушаў. Перагаворы доўжыліся 5 гадзін і датычыліся пытанняў двухбаковых расійска-амерыканскіх адносін, праблем стратэгічнай стабільнасці і глабальнай бяспекі, тэмы нераспаўсюджвання і кантролю за ўзбраеннямі, вострых рэгіянальных крызісаў. Прэс-служба Савета бяспекі назвала праведзеную сустрэчу дзелавой і канструктыўнай. Таксама ў панядзелак міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў правёў перагаворы з Болтанам.

ЗША ўпершыню абвінавацілі Расію ў парушэнні ДРСМД яшчэ ў ліпені 2014 года. Затым Вашынгтон неаднаразова паўтараў гэта сцвярджэнне, з якім Масква выказвала катэгарычную нязгоду.

Расія выстаўляе ЗША сустрэчныя прэтэнзіі, якія адносяцца да выканання ДРСМД. Гэта пагадненне было падпісана СССР і ЗША 8 снежня 1987 года ў Вашынгтоне.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі