Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
25 кастрычніка 2021, 14:34

Больш за 1,7 млн нелегальных мігрантаў затрыманы за апошні год на граніцы ЗША з Мексікай

25 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. За апошні год на граніцы ЗША з Мексікай было затрымана больш за 1,7 млн чалавек - гэта рэкордны паказчык за ўсю гісторыю. Рэспубліканцы абвінавачваюць прэзідэнта Джо Байдэна ў тым, што каласальны наплыў мігрантаў справакавала яго абяцанне даць ім грамадзянства, паведамляе BBC.

Колькасць мігрантаў, затрыманых на паўднёвай граніцы ЗША за мінулыя 12 месяцаў, пабіла рэкорд 20-гадовай даўнасці, калі ў 2000 годзе граніцу спрабавалі нелегальна перасекчы больш за 1,6 млн чалавек.

Трапіць у Амерыку спрабавалі грамадзяне больш як 160 краін. Большасць мігрантаў прыбылі з Мексікі, Гватэмалы, Гандураса і Сальвадора. У асноўным гэта людзі сярэдняга ўзросту - больш за 1,1 млн чалавек. Пры гэтым, паводле даных улад ЗША, за апошнія 12 месяцаў граніцу спрабавала перасекчы рэкордная колькасць дзяцей без суправаджэння дарослых - больш за 145 тыс.

Як паведамляе пагранічна-мытная служба ЗША, больш як палавіна затрыманых былі дэпартаваны назад у свае краіны.

Таксама адзначаецца, што паказчык 1,7 млн не азначае, што былі затрыманы 1,7 млн розных людзей, паколькі многія нелегалы пасля выдварэння паўтаралі спробу трапіць у ЗША, некаторыя - не адзін раз.

Джо Байдэн абяцаў быць больш гуманным да мігрантаў, аднак за час яго прэзідэнцтва сітуацыя на паўднёвай граніцы толькі пагоршылася. Цяпер, згодна з вынікамі апытання, праведзенага ў пачатку кастрычніка, толькі 35 працэнтаў грамадзян ЗША падтрымліваюць дзеянні Байдэна па пытаннях міграцыі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі