
18 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сталі вядомы патрабаванні Турцыі за адабрэнне заявак Фінляндыі і Швецыі ў НАТА. Аб гэтым паведамляе ТАСС са спасылкай на агенцтва Bloomberg.
Турцыя настойвае на ўключэнні ў праграму вытворчасці знішчальнікаў F-35 за адабрэнне ўступлення Фінляндыі і Швецыі ў Паўночнаатлантычны альянс. Раней яна была выключана з амерыканскай праграмы вытворчасці знішчальнікаў-бамбардзіроўшчыкаў пятага пакалення за набыццё расійскіх зенітных ракетных сістэм С-400.
Таксама Анкара разлічвае на тое, каб любыя новыя кандыдаты ў НАТА прызналі яе заклапочанасць наконт курдскіх апалчэнцаў, як унутры Турцыі, так і за яе межамі - у Сірыі і Іраку. Турцыя хоча, каб Швецыя і Фінляндыя публічна асудзілі не толькі Рабочую партыю Курдыстана (РПК), але і яе філіялы, перш чым ім будзе дазволена далучыцца да блока.
Акрамя таго, Анкара жадае, каб Швецыя і Фінляндыя знялі абмежаванні на экспарт зброі, якія яны наклалі разам з некалькімі іншымі членамі ЕС пасля ваенных дзеянняў Турцыі ў Сірыі ў 2019 годзе.
У панядзелак прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган заявіў, што Анкара не можа згадзіцца з уступленнем Фінляндыі і Швецыі ў НАТА пасля таго, як дзве гэтыя краіны адмовіліся задаволіць запыт на экстрадыцыю падазроных у прыналежнасці да тэрарызму, у прыватнасці членаў Рабочай партыі Курдыстана, прызнанай Анкарой тэрарыстычнай арганізацыяй. Другая прычына, чаму Турцыя не гатова падтрымаць уступленне гэтых краін у НАТА, - гэта ўвядзенне абмежаванняў на пастаўкі прадукцыі абароннай прамысловасці.-0-