ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Аўторак, 30 лістапада 2021
Мінск Суцэльная воблачнасць -3°C
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
18 кастрычніка 2021, 20:00

Без святла і цяпла: ацяпляльны сезон ва Украіне на грані зрыву

Фота з архіва
Фота з архіва

18 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Да паўнацэннага старту ацяпляльнага сезона засталіся лічаныя дні. А ўкраінская ўлада па-ранейшаму не можа вырашыць два жыццёва важныя пытанні: дзе ўзяць газ і дзе ўзяць на яго грошы, піша ўкраінская газета "Вести".

З-за высокіх цэн на блакітнае паліва мясцовыя Саветы па ўсёй краіне адзін за адным аб'яўляюць надзвычайную сітуацыю. Але куды больш трывожна выглядае фізічны недахоп энергарэсурсаў - як газу, так і вугалю. У такіх умовах, як кажуць эксперты, нават двухтыднёвыя маразы могуць абярнуцца халоднымі батарэямі і веернымі адключэннямі святла. Улады тым часам ужо складаюць аварыйныя планы адключэнняў паставак рэсурсаў для прамысловых прадпрыемстваў.

Ледзь еўрапейцы змаглі апамятацца пасля рэкорднага за ўсю гісторыю росту цэн на газ, як з'явілася новая праблема - яго фізічны дэфіцыт. Сезон запампоўвання газу змяніўся сезонам адбору. Як вынік, Еўропа другі дзень запар адбірае з падземных сховішчаў больш газу, чым туды запампоўвае. Пры гэтым узровень запасаў у еўрапейскіх ПСГ знаходзіцца на гістарычна мінімальным узроўні (77,04 працэнта), што на 14,07 пункта ніжэй за сярэдні паказчык за апошнія пяць гадоў.

Для Украіны, якой запасаў газу нібыта і хапае для праходжання халадоў "на мінімалках", сітуацыя ў Еўропе ставіць пад сумненне ў выпадку моцных халадоў магчымасць аператыўнага імпарту аб'ёму газу, якога не хапае. Так, напрыклад, паводле даных "Нафтагазу", ва ўкраінскія ПСГ па стане на 16 кастрычніка запампавана 18,7 млрд куб.м газу. У той час як для праходжання ацяпляльнага сезона патрэбна 13 млрд куб.м. Але справа ў тым, што газ ва ўкраінскіх ПСГ не ў поўным аб'ёме прыналежыць дзяржаве.

"У нас каля 4 млрд куб.м газу ў падземных сховішчах нерэзідэнтаў. Яны афіцыйна заявілі, што пачынаюць яго адбіраць. У кастрычніку ў іх у планах было адабраць 500 млн куб.м газу. Прычым на продаж у ЕС. А не ва Украіну, як нам гаварылі. Яшчэ 4,6 млрд куб.м - гэта тэхнічны газ. У выніку нам застаецца 9,5-10 млрд куб.м газу. І тое структура ўласнасці астатняга газу - гэта тайна "Нафтагазу" за сямю пячацямі. Верагодна, што сярод яго яшчэ нейкая колькасць прыналежыць рэзідэнтам, няхай 1 млрд куб.м. Адпаведна, можна зыходзіць з таго, што застаецца 8 млрд куб.м газу. А яшчэ ёсць 3 млрд - гэта страхавы запас. Гэта газ пастаўшчыка апошняй надзеі, які "Нафтагаз" не мае права адбіраць. У сухім астатку ў "Нафтагазу" ў аператыўным спажыванні знаходзіцца каля 5 млрд куб.м. А для праходжання ацяпляльнага сезона трэба 13 млрд", - расказаў "Вестям" энергетычны эксперт Валянцін Зямлянскі. Таму, паводле яго слоў, для паспяховага праходжання асенне-зімовага перыяду Украіне, верагодна, давядзецца дакупляць дадатковыя аб'ёмы.

Не схільны да аптымізму і кіраўнік Усеўкраінскай энергетычнай асамблеі, былы міністр паліва і энергетыкі Украіны Іван Плачкоў. Паводле яго слоў, праблемы ў энергетычным комплексе могуць пачацца, калі тэмпература паветра апусціцца да 12-15 градусаў марозу і пратрымаецца так на працягу двух тыдняў. "Мы будзем або адбіраць з трубы (газ, які Украіна транспартуе ў Еўропу), або павінны купляць у Славакіі", - адзначае Іван Плачкоў.

Пры гэтым, як гаворыць энергетычны эксперт Дзмітрый Маруніч, калі Еўропу накрыюць працяглыя маразы, то вялікая верагоднасць таго, што ўзяць дадатковыя аб'ёмы газу проста не будзе адкуль. "Калі будзе халодная зіма, то ёсць усе рызыкі перабояў з забеспячэннем газам краін Усходняй Еўропы, асабліва тых, у якіх няма ўласнага рэсурсу. Лагічна выказаць меркаванне, што калі ў Цэнтральнай Еўропе не будзе хапаць газу, то, адпаведна, і па рэверсе ва Украіну можа нічога не трапіць. Проста фізічна пампаваць не будзе чаго. Плюс спад аб'ёмаў уласнай здабычы нясе дадатковыя рызыкі", - сказаў Дзмітрый Маруніч.

Тым часам улады традыцыйна поўныя аптымізму, спадзяюцца на ЗША і прапаноўваюць вельмі нестандартныя варыянты вырашэння праблемы. Так, напрыклад, кіраўнік праўлення "Нафтагазу Украіны" Юрый Вітрэнка заявіў, што ў выпадку крызісных сітуацый Украіна будзе браць газ "з трубы". "Калі нам раптам не будзе хапаць 20-30 млн куб.м у суткі, то, па-першае, нашы магутнасці па імпарце з Еўропы складаюць 30-60 млн куб.м. А, па-другое, калі мы рыхтуемся да халадоў, то запампоўваем у трубу крыху больш газу. А потым, калі ідуць халады, мы можам змяншаць ціск і адбіраць уласны газ назад", - сказаў Юрый Вітрэнка.

Але сёння сітуацыя выглядае вельмі парадаксальна. Як адзначае экс-кіраўнік праўлення "Нафтагазу" Андрэй Кобалеў, замест імпарту газу Украіна яго экспартуе. "Па 15 млн куб.м газу за суткі ідзе ў напрамку Еўропы. Трэба зрабіць усё, каб гэта спыніць. Акрамя таго, нам трэба вяртацца за стол перагавораў з ЗША. Дамаўляцца аб іх падтрымцы ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе. Дамаўляцца аб тым, што мы атрымаем імпарт газу. І тады зона рызыкі стане меншай, а шанц прайсці гэты ацяпляльны перыяд - большым", - адзначыў Андрэй Кобалеў.

Зрэшты, як гаворыць Дзмітрый Маруніч, у тым, што з Украіны пачаўся адток газу, няма нічога дзіўнага. "Трэйдары запампоўвалі газ яшчэ ў мінулым годзе па $100. Цяпер цана ў 10 разоў большая. Яны хочуць яго прадаць", - растлумачыў эксперт.

У той жа час пакуль газавыя трэйдары атрымліваюць звышпрыбыткі, у некаторых украінскіх абласцях мясцовыя ўлады абвясцілі надзвычайную сітуацыю з-за адсутнасці газу для ацяплення камунальных і бюджэтных устаноў. У прыватнасці, у Закарпацці на пазапланавым пасяджэнні рэгіянальнай камісіі па пытаннях тэхнагенна-экалагічнай бяспекі (ТЭБ) і надзвычайных сітуацый (НС) прынялі рашэнне лічыць сітуацыю ў вобласці надзвычайнай у сувязі з адсутнасцю паставак прыроднага газу бюджэтным установам на асенне-зімовы перыяд 2021-2022 гадоў. Яе класіфікавалі як надзвычайную сітуацыю тэхнагеннага характару дзяржаўнага ўзроўню.

Паводле даных мясцовых улад, пастаўшчыкі, якія раней выйгралі таргі і заключылі дагаворы на пастаўку газу, цяпер адмаўляюцца гэта рабіць, спасылаючыся на рэзкі рост рыначных цэн на паліва. Надзвычайную сітуацыю з-за адсутнасці газу для бюджэтных устаноў увялі і ў Івана-Франкоўску. Як паведаміў у Facebook мэр горада Руслан Марцінкіў, без газу засталіся ўстановы аховы здароўя, школы і дзіцячыя сады.

Аналагічнае рашэнне прыняла рэгіянальная камісія па пытаннях ТЭБ і НС у Хмяльніцкай вобласці. На Палтаўшчыне і ў Краменчугу таксама абвясцілі надзвычайную сітуацыю для падачы ацяплення. Падобная сітуацыя ў Чарнігаве, у Адэскай і Днепрапятроўскай абласцях.

Не менш трывожная сітуацыя і з вугалем. "У нас засталося 660 тыс. т вугалю. І кожны дзень аб'ём толькі скарачаецца. Гэта катастрафічна мала. Трэба ўжо сёння праводзіць растлумачальную работу. Мы павінны падрыхтавацца. Калі будуць пікавыя нагрузкі, каб не дапускаць веерных адключэнняў, мы павінны расцягнуць спажыванне, каб зменшыць гэтыя пікі. Магчыма, варта пераносіць пачатак працоўнага дня на вялікіх прадпрыемствах на розны час, падрыхтаваць графікі аварыйных адключэнняў і ўзгадніць іх на ўзроўні абшчын для абмежавання работы прамысловых прадпрыемстваў. Украіна - гэта не поўнач Францыі, тут зімы бываюць вельмі халоднымі, у тым ліку з веернымі адключэннямі", - адзначыў Іван Плачкоў.

На яго думку, адзіны варыянт нармальнага праходжання ацяпляльнага сезона - гэта набыццё вугалю ў "дзяржрэзерв". У той жа час ён выказаў сумненне ў здольнасці Украінскай чыгункі перавезці неабходны аб'ём вугалю па прычыне недастатковай колькасці вагонаў.

У той жа час, як заявіў намеснік міністра энергетыкі Максім Нямчынаў, ужо сёння на ўзроўні ведамства ствараюцца спісы прадпрыемстваў, якім, верагодна, давядзецца абмежаваць падачу газу і электраэнергіі пры надыходзе крызісных з'яў. "Сітуацыя не вельмі простая. Але мы маем кантракты па імпарце на пастаўку 2 млн т вугалю. Яшчэ на такі ж аб'ём мы чакаем падпісання да канца ацяпляльнага сезона. Сапраўды, сёння колькасць вугалю на складах не адпавядае мінімальна неабходнай. Мы разлічваем на стабільную работу атамнай генерацыі. Гэтай зімой будуць працаваць 13-14 блокаў, а ў выпадку неабходнасці і 15-ы. Я разумею, што гэта складана, але такі сцэнарый мы ўзялі ў разлік", - заявіў Максім Нямчынаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі