Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
28 кастрычніка 2020, 14:01

Бельгія вывучае магчымасць шпіталізацыі хворых на COVID-19 у суседнія краіны

28 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У бельгійскіх бальніцах расце колькасць шпіталізаваных з COVID-19. Улады краіны асцерагаюцца, што ў бліжэйшай будучыні ў медустановах Бельгіі скончацца месцы для хворых на каранавірус, у сувязі з чым звярнуліся да Нiдэрландаў з просьбай пачаць прымаць пацыентаў з прыгранічных раёнаў Фландрыі ў сваіх бальніцах, паведамляе бельгійскае выданне L'Avenir.

Адзначаецца, што Нідэрланды пакуль не далі афіцыйнага адказу на гэты запыт, паколькі таксама знаходзяцца ў цяжкай эпідэміялагічнай сітуацыі. "Гэтак жа, як Германія дапамагла нам, мы можам дапамагчы Бельгіі, - адзначыў прэзідэнт Нацыянальнай сеткі аказання неадкладнай дапамогі ў Нідэрландах (LNAZ) Эрнст Кейперс. - Але бягучая эпідэміялагічная сітуацыя ў Нідэрландах вельмі складаная". Ён падкрэсліў, што абедзве краіны - і Нідэрланды, і Бельгія - стаяць перад вялікай праблемай.

Цяпер у Бельгіі шпіталізаваны больш за 5,5 тыс. хворых на COVID-19, у тым ліку 911 - у аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі. Многія бальніцы краіны знаходзяцца на мяжы перапаўнення, паведамляе бельгійскі тэлеканал RTL. Штодзённа ў Бельгіі шпіталізуюць у сярэднім каля 600 заражаных COVID-19, а выпісваюць менш як 500. Колькасць зарэзерваваных для хворых на каранавірус ложка-месцаў, згодна з дзеючым планам урада Бельгіі, складае 6 тыс. па ўсёй краіне, з іх 1,2 тыс. - у аддзяленнях інтэнсіўнай тэрапіі, паведамляе ТАСС.

27 кастрычніка Еўрапейскі цэнтр па прафілактыцы і кантролі захворванняў (ECDC) паведаміў, што Бельгія выйшла на першае месца ў ЕС па сярэдняй колькасці новых выпадкаў заражэння каранавірусам за суткі на 100 тыс. насельніцтва за апошнія два тыдні - гэты паказчык тут дасягнуў 1390.

Цяпер у Бельгіі максімальна ўзмоцнены санітарныя меры - забаронены ўсе масавыя мерапрыемствы, закрыты рэстараны, культурныя і спартыўныя ўстановы, уведзена агульнанацыянальная каменданцкая гадзіна, прадпрыемствы працуюць дыстанцыйна, нашэнне масак абавязкова паўсюдна - на вуліцы і ў памяшканнях. Аднак пакуль гэтых мер аказалася недастаткова, каб пераламаць сітуацыю.

Усяго з пачатку пандэміі ў Бельгіі выяўлена 347 249 выпадкаў заражэння, памерлі 11 038 чалавек. Насельніцтва краіны складае амаль 11,5 млн чалавек.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі