30 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Авіякампаніі масава адмяняюць рэйсы ў Кітай з-за каранавіруса, паведамляе ТАСС.
Акрамя таго, з-за адмены кітайскімі турыстамі паездак за мяжу некаторыя авіяперавозчыкі былі вымушаны адмовіцца на час ад палётаў па транзітных маршрутах. Многія кампаніі, у тым ліку "Аэрафлот" і S7, прапануюць бясплатна здаць білеты ў Кітай з датай вылету да другой дэкады лютага.
Расійская авіякампанія "Уральскія авіялініі" заявіла 29 студзеня, што прыпыняе з-за распаўсюджання каранавіруса прамыя палёты ў некалькі еўрапейскіх краін да канца зімовай навігацыі. У прыватнасці, адмена закране напрамкі, на якіх традыцыйна прысутнічае вялікая колькасць арганізаваных турыстычных груп з Кітая: Екацярынбург - Мюнхен, Екацярынбург - Парыж, Екацярынбург - Рым.
У пачатку тыдня і іншыя расійскія авіякампаніі, у прыватнасці Azur Air, Nordwind і iFly, часова спынілі чартарныя палёты ў Кітай.
Сярод краін, якія вырашылі пакуль поўнасцю абмежаваць авіязносіны з КНР, таксама Грузія і Казахстан. Аб прыпыненні палётаў у Кітай паведаміла і авіякампанія British Airways. Акрамя таго, фінская кампанія Finnair адмяніла некалькі рэйсаў у Паднябесную.
Мэтазгоднасць увядзення часовай забароны на ўсе палёты з Кітая ў Злучаныя Штаты ў сувязі з успышкай пнеўманіі разглядае і адміністрацыя ЗША.
Улады Кітая 31 снежня інфармавалі Сусветную арганізацыю аховы здароўя аб успышцы невядомай пнеўманіі ва Ухані. 7 студзеня кітайскія медыкі ўстанавілі ўзбуджальніка хваробы - каранавірус 2019-nCoV. Новы тып каранавіруса выяўлены амаль ва ўсіх рэгіёнах Кітая, а таксама ў Аўстраліі, В'етнаме, Рэспубліцы Карэя, Сінгапуры, ЗША, Тайландзе, Францыі і Японіі. На 29 студзеня колькасць заражаных інфекцыяй у КНР перасягнула 6 тыс. чалавек.
СААЗ прызнала ўспышку нацыянальнай надзвычайнай сітуацыяй для Кітая, але пакуль устрымалася ад аб'яўлення рэжыму міжнароднай надзвычайнай сітуацыі.-0-