Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
25 мая 2021, 10:00

Аўстралійскія вучоныя распрацавалі прэпараты для лячэння і прафілактыкі COVID-19

25 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Аўстралійскія вучоныя распрацавалі два новыя прэпараты для прафілактыкі і лячэння цяжкіх форм COVID-19. Аб гэтым інфармуе ТАСС са спасылкай на медыцынскі навукова-даследчы інстытут імя Бергхофера (QIMR) у Брысбене.

Гэтыя прэпараты праходзяць лабараторныя выпрабаванні на жывёлах у Францыі. Як удакладняецца, першыя вынікі паказваюць: лякарствы бяспечныя ў прымяненні і маюць толькі абмежаваны рад пабочных эфектаў. Таксама даследчыкі адзначылі ў справаздачы, апублікаванай у навуковым часопісе Nature Cell Discovery, што створаныя імі прэпараты не патрабуюць асаблівых умоў захоўвання.

Паводле даных даследчыкаў, абодва прэпараты ўздзейнічаюць не на сам вірус SARS-CoV-2 (які выклікае захворванне COVID-19), а на клеткі, якія ён атакуе. "Першы з прэпаратаў маскіруе бялок рэцэптара ACE2, які каранавірус выкарыстоўвае для пранікнення ў клетку, а другі павышае здольнасць імуннай сістэмы распазнаваць вірус і процістаяць яму. Мы высветлілі, што людзі, у якіх рэцэптары ACE2 хімічна заблакіраваны, менш успрымальныя да заражэння SARS-CoV-2", - расказаў старшы навуковы супрацоўнік QIMR прафесар Судха Раа.

У QIMR падкрэсліваюць, што гэта першы вопыт стварэння прэпаратаў, здольных процістаяць каранавірусу "адразу на двух франтах". "Калі клінічныя выпрабаванні будуць паспяховымі, першы прэпарат можна будзе прымяняць нараўне з вакцынацыяй для прафілактыкі заражэння, а другі выкарыстоўваць, каб спыніць рэплікацыю віруса SARS-CoV-2 у інфіцыраваных пацыентаў", - адзначыў прафесар. Ён таксама дадаў, што прэпараты паказалі ўжо высокую эфектыўнасць у час лабараторных выпрабаванняў на ўзорах крыві і клетках пацыентаў з COVID-19.

У прэс-службе НДІ імя Бергхофера паведамілі, што створаныя ў Брысбене прэпараты можна будзе выкарыстоўваць і для аховы ад каранавіруса тых, хто па медыцынскіх прычынах не можа быць вакцынаваны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі