Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
20 ліпеня 2021, 10:52

Аднаўленне Заходняй Германіі пасля паводкі можа заняць гады

20 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Аднаўленне населеных пунктаў і інфраструктуры ў федэральных землях Паўночны Рэйн - Вестфалія і Рэйнланд-Пфальц, якія пацярпелі ад паводкі, можа заняць гады. Аб гэтым заявіў кіраўнік Цэнтральнага саюза будаўнічай галіны Германіі (ZDB) Райнхарт Кваст, паведамляе нямецкі партал навін Rheinische Post.

Паводле слоў Райнхарта Кваста, маштабы ўрону ад паводкі ў Заходняй Германіі вельмі вялікія. Кіраўнік ZDB параўнаў наступствы цяперашняй стыхіі са шкодай ад паводкі ў 2002 годзе. "Пасля паводкі на Эльбе ў 2002 годзе спатрэбілася каля трох гадоў, каб ліквідаваць самыя вялікія пашкоджанні, і пяць гадоў, каб пацярпелыя раёны набылі ранейшы выгляд", - адзначыў Райнхарт Кваст.

Паводле яго слоў, цяпер назіраецца недахоп будаўнічых матэрыялаў. Ускладняе работы па аднаўленні ў пацярпелых раёнах і разбураная інфраструктура: многія масты і пад'язныя дарогі разбураны, будаўнічая тэхніка не можа даехаць да месца работ.

Між тым, як паведамляе нямецкі тэлеканал N-tv, страхавыя кампаніі падлічваюць страты ад паводкі. Генеральны дырэктар Асацыяцыі страхавой індустрыі Ёрг Асмусен чакае рэкордных страт пасля паводкі. "У кароткатэрміновай перспектыве становіцца відавочным, што 2021 год можа стаць адным з самых разбуральных з 2013 года. Урон у межах страхавой сумы складае 9,3 млрд еўра", - сказаў Ёрг Асмусен.

Паводле яго слоў, калі змяненне клімату прадоўжыцца і колькасць прыродных катаклізмаў будзе расці, то страхавыя кампаніі не змогуць прадаўжаць страхаванне стыхійных бедстваў ў існуючым аб'ёме.

Ёрг Асмусен таксама паведаміў, што цяпер у Германіі ад паводкі застрахаваны толькі кожны чацвёрты дом. З-за адсутнасці страхавой кампенсацыі многім пацярпелым цяпер застаецца спадзявацца толькі на дапамогу ўрада.

Паводка закранула не толькі простых грамадзян, якія страцілі свае дамы і маёмасць, але і бізнес. Шкода нанесена сотням кампаній, у тым ліку і вялікім прадпрыемствам прамысловага і энергетычнага сектара. Акрамя таго, з-за разбураных дарог церпіць лагістыка. Так, нямецкі канцэрн Volkswagen паведаміў пра цяжкасці з пастаўкамі сваёй прадукцыі.

Трэба яшчэ ацаніць урон і сельскай гаспадарцы. У Міністэрстве харчавання і сельскай гаспадаркі Германіі заявілі, што паводка паставіла пад пагрозу само існаванне аграсектара ў пацярпелым рэгіёне. У многіх раёнах знішчаны запасы збожжа, патанулі цэлыя папуляцыі жывёл, разбураны памяшканні вінаробства, сур'ёзна пацярпела інфраструктура. Стыхія яшчэ больш пагоршыла крызіс, выкліканы раней пандэміяй каранавіруса.

Паводле апошніх даных, паводка ў Германіі забрала жыцці 165 чалавек, каля тысячы лічацца прапаўшымі без вестак. Як правіла, загінулых знаходзяць пры выпампоўванні вады з дамоў і падвалаў. Эксперты прагназуюць, што колькасць ахвяр будзе расці. У рэгіёне прадаўжаецца выратавальная аперацыя.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі