Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
12 мая 2021, 10:46

Абмен ракетнымі ўдарамі паміж Ізраілем і сектарам Газа: ахвярамі сталі дзясяткі чалавек

12 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У выніку абмену ракетнымі ўдарамі паміж Ізраілем і сектарам Газа загінулі дзясяткі чалавек. Колькасць ахвяр удараў па сектары Газа узрасла да 35. Аб гэтым са спасылкай на даныя палесцінскага Міністэрства аховы здароўя праінфармаваў мясцовы тэлеканал Al-Mamlaka, паведамляе ТАСС.

Паводле інфармацыі ведамства, у выніку начных удараў ізраільскай арміі загінулі трое палесцінцаў. 11 мая былі забіты 15 чалавек, а з 10 мая загінулі ў агульнай колькасці 35. Сярод ахвяр - 12 дзяцей і жанчына. Колькасць пацярпелых дасягнула 233.

Паводле слоў дырэктара медыцынскага комплексу "Аш-Шыфаа" ў сектары Газа Мухамеда Абу Селіма, да іх паступілі амаль 100 параненых. "Некалькі пацярпелых памерлі ад ран, сярод загінулых ёсць дзеці ва ўзросце да двух гадоў, - расказаў ён. - Людзі паступаюць да нас з вельмі сур'ёзнымі і небяспечнымі траўмамі". Разам з тым, адзначыў Мухамед Абу Селім, у бальніцы складваецца вельмі цяжкая сітуацыя з медыкаментамі і прэпаратамі. "Сістэма аховы здароўя і так спустошана шматгадовай блакадай, яшчэ дабавілася пандэмія каранавіруса, таму нашы магчымасці вельмі абмежаваны, - канстатаваў ён. - Медыцынскія брыгады працуюць у палявых умовах, усе аперацыйныя цяпер заняты".

Удары па Палесціне сталі адказам на пускі ракет мясцовымі радыкаламі. Групоўка "Брыгады Ізэдзіна аль-Касама", якая з'яўляецца баявым крылом кантралюючага Сектар Газа руху ХАМАС, абвясціла аб запуску 11 мая вечарам і сёння раніцай больш як 200 ракет у бок Тэль-Авіва і Беэр-Шэвы. Паведамляецца аб пяці загінулых ізраільцянах.

Па ізраільскім Ашкелоне ў аўторак зрабілі залп прыкладна са 150 ракет. Фота <a href="http://www.epa.eu" target="_blank" rel="nofollow">EPA</a>
Па ізраільскім Ашкелоне ў аўторак зрабілі залп прыкладна са 150 ракет. Фота EPA

Абмен ракетнымі ўдарамі паміж Ізраілем і сектарам Газа адбыўся следам за беспарадкамі ў мячэці Аль-Акса ва Усходнім Іерусаліме, у якіх за апошнія дні пацярпелі звыш 700 чалавек. Сутыкненні паміж палесцінцамі і сілавікамі былі справакаваны рашэннем ізраільскага суда забраць дамы ў квартале Шэйх-Джарах у арабскіх сем'яў, якія пражываюць там ужо больш за паўстагоддзя, на карысць яўрэйскіх пасяленцаў на падставе таго, што гэта жыллё належала ім да 1948 года. Дамы размешчаны за 500 м ад Аль-Аксы. Пакуль размова ідзе аб васьмі сем'ях, але палесцінцы апасаюцца, што іх усіх хутка насільна выселяць з дамоў, прадастаўленых ім у свой час Іарданіяй як захавальніцай ісламскіх святынь ва Усходнім Іерусаліме.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі