Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
09 снежня 2021, 09:43

ААН: аднабаковыя санкцыі наносяць непапраўны ўрон сацыяльна слабаабароненым слаям насельніцтва

9 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Аднабаковыя санкцыі наносяць непапраўны ўрон дабрабыту жанчын і дзяцей, інвалідаў, мігрантаў і ўсіх маламаёмных слаёў насельніцтва, якія спадзяюцца на сацыяльную і гуманітарную дапамогу. Аб гэтым заявіла спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб негатыўным уздзеянні аднабаковых прымусовых мер на забеспячэнне правоў чалавека Алёна Духан, паведамляе Цэнтр навін ААН.

"Мы ўжо ведаем, што аднабаковыя санкцыі не дазваляюць насельніцтву закранутых краін у поўнай меры карыстацца сваімі правамі і што гэтыя санкцыі ў найбольшай меры закранаюць сацыяльна слабаабароненыя групы", - сказала Алёна Духан.

Яна падкрэсліла, што сярод сацыяльна слабаабароненых груп - жанчыны і дзеці, прадстаўнікі карэннага насельніцтва, людзі з абмежаванымі магчымасцямі, бежанцы, унутрана перамешчаныя асобы, мігранты, маламаёмныя, пажылыя, людзі з цяжкімі захворваннямі і іншыя асобы, якія сутыкаюцца з асаблівымі праблемамі. Менавіта яны ў найбольшай меры залежаць ад сацыяльнай або гуманітарнай дапамогі, але часта гэта дапамога не можа быць прадастаўлена з-за санкцыйнага рэжыму.

Цяпер аднабаковымі санкцыямі закрануты амаль 20 працэнтаў усіх дзяржаў - членаў ААН. Многія з іх ахоплены канфліктамі і разрухай.

Алёна Духан неаднаразова заяўляла, што ва ўмовах пандэміі санкцыйныя абмежаванні фактычна забіваюць людзей. Дзяржавы пад санкцыямі ў той ці іншай меры сутыкаюцца з дэфіцытам вады, мыла, масак, прадуктаў харчавання, важных медыкаментаў і медыцынскага абсталявання, а таксама з няхваткай паліва, неабходнага для дастаўкі жыццёва важных тавараў і нармальнага функцыянавання бальніц.

Спецыяльны дакладчык ААН падкрэсліла: суровыя палажэнні аб санкцыях, іх неадназначнае тлумачэнне ў спалучэнні з экстэрытарыяльным правапрымяненнем, прывялі да таго, што многія кампаніі і арганізацыі, асцерагаючыся тых ці іншых наступстваў, адмаўляюцца мець справу з кантрактамі і аперацыямі, звязанымі з краінамі з санкцыйнага спіса.

"З-за гэта банкі неахвотна фінансуюць дапамогу або праводзяць транзакцыі для гуманітарных закупак, а транспартныя кампаніі адмаўляюцца ад паставак гуманітарных тавараў", - адзначыла Алёна Духан. З-за гэтых цяжкасцей некаторыя няўрадавыя арганізацыі часам вымушаны спыняць работу ў краінах, якія знаходзяцца пад санкцыямі.

Спецдакладчык дадала, што санкцыі часта ўключаюць эмбарга на паліва або не дазваляюць краінам, якія знаходзяцца пад санкцыямі, набываць дэталі, неабходныя для рамонту жыццёва важных аб'ектаў грамадзянскай інфраструктуры.

"Размова ідзе аб тым, што з-за санкцый немагчыма даставіць у краіну паліва, лякарствы і медыцынскае абсталяванне, а гэта азначае, што людзі не могуць дабрацца да бальніц для атрымання медыцынскай дапамогі, у тым ліку правядзення тэстаў і назірання ў час цяжарнасці, яны не могуць дабрацца да радзільнага дома, да месцаў вакцынацыі дзяцей і атрымаць медыцынскую дапамогу", - сказала эксперт. Санкцыі прыводзяць да таго, што многія беднякі вымушаны жыць ва ўмовах антысанітарыі без доступу да водаправода і каналізацыі.

Найбольшую цану за аднабаковыя санкцыі плацяць жанчыны. Менавіта ім часцей за іншых даводзіцца хадзіць у лес па дровы і здалёку насіць ваду, яны, як правіла, першымі страчваюць работу, трапляюць у сеткі гандляроў людзьмі і становяцца ахвярамі сексуальнай эксплуатацыі.

Эксперт ААН падкрэсліла: краіны, якія з'яўляюцца аб'ектам аднабаковых санкцый, не змогуць дасягнуць Мэт у галіне ўстойлівага развіцця, якія прызначаны палепшыць жыццё кожнага чалавека. Спецыяльны дакладчык ААН заклікала ўсе няўрадавыя арганізацыі і іншыя ўстановы, якія займаюцца аказаннем гуманітарнай дапамогі, дзейнічаць у інтарэсах сацыяльна слабаабароненых груп у краінах, якія знаходзяцца пад санкцыямі.

Алёна Духан заклікала дзяржавы, якія ўводзяць аднабаковыя санкцыі, адмяніць або мінімізаваць іх, як таго патрабуе міжнароднае права, прыняць усе неабходныя меры, каб пазбегнуць негатыўнага ўздзеяння аднабаковых санкцый на правы чалавека, не дапускаць непатрэбных перастраховак у выкананні санкцыйных рэжымаў, прадаставіць больш шырокія выключэнні, прадугледзець больш простыя працэдуры і аблягчыць, нягледзячы на ​​рэжымы санкцый, дастаўку гуманітарнай дапамогі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі