Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
22 мая 2020, 10:02

ААН аб'явіла аб пачатку кампаніі супраць дэзынфармацыі аб COVID-19

22 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. 21 мая ў ААН запусцілі кампанію "Праверана", якая прызначана процістаяць патоку дэзынфармацыі, чутак і варожасці, што запаланілі сацыяльныя сеткі і інтэрнэт у цэлым. Мэта кампаніі - проціпаставіць хлусні і варожасці праўдзівую, правераную інфармацыю аб пандэміі COVID-19, паведамляе Цэнтр навін ААН.

"Мы не можам аддаць віртуальную прастору ў распараджэнне тых, хто насаджае хлусню, страх і нянавісць", - заявіў генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш, аб'яўляючы аб пачатку кампаніі. Паводле яго слоў, тыя, хто распаўсюджвае дэзынфармацыю, умела карыстаюцца сітуацыяй, калі вучоныя і медыкі яшчэ не могуць даць дакладных адказаў на ўсе пытанні, звязаныя з COVID-19.

"Яны прапануюць лячэбныя сродкі, якія не толькі не даказалі сваю эфектыўнасць, але і здольны нашкодзіць здароўю. Яны па-майстэрску карыстаюцца страхамі людзей і іх жаданнем атрымаць адказы або знайсці вінаватых", - адзначыла намеснік генеральнага сакратара ААН, якая ўзначальвае Дэпартамент глабальных камунікацый, Меліса Флемінг. Яна падкрэсліла, што вучоныя і аўтарытэтныя арганізацыі, такія як ААН, павінны даносіць да людзей надзейную і правераную інфармацыю.

Арганізатары кампаніі "Праверана" звяртаюцца да жыхароў розных краін з заклікам стаць інфармацыйнымі добраахвотнікамі. Іх роля будзе заключацца ў тым, каб падзяліцца са сваімі блізкімі, сябрамі, суседзямі праверанай інфармацыяй, якая дапаможа ім абараніцца ад каранавіруснай інфекцыі. Гэтыя добраахвотнікі кожны дзень будуць атрымліваць пацверджаную фактычную інфармацыю, выкладзеную ў даступнай і цікавай форме. Кантэнт, прызначаны для размяшчэння ў сацсетках, будзе або развенчваць існуючыя міфы, або даваць адказы на тое, што хвалюе людзей.

У ААН спадзяюцца прыцягнуць да гэтай работы знакамітых людзей, лідараў бізнесу, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і СМІ.

У рамках новай кампаніі таксама будзе распаўсюджвацца кантэнт, які дэманструе праяўленні дабрыні і салідарнасці, прыклады ўкладу мігрантаў і бежанцаў і перавагі міжнароднага супрацоўніцтва.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі