Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
09 лістапада 2021, 12:50

ААН: 45 млн чалавек у 43 краінах пакутуюць ад голаду

9 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Амаль 45 млн чалавек у 43 краінах свету пакутуюць ад голаду. Паводле даных Сусветнай харчовай праграмы ААН (СХП), колькасць людзей, якія знаходзяцца на мяжы голаду, у 2021 годзе рэзка павялічылася на 3 млн у параўнанні з мінулым годам, паведамляе Цэнтр навін ААН.

"Дзясяткі мільёнаў чалавек - на краі прорвы. Паказчыкі голаду растуць пад уздзеяннем канфліктаў, змянення клімату і пандэміі COVID-19. Апошнія даныя сведчаць аб тым, што 45 млн жыхароў планеты пагражае галодная смерць", - пракаменціраваў вынікі даследавання кіраўнік СХП Дэвід Біслі.

Цэны на паліва, прадукты харчавання і ўгнаенні хутка растуць, што выклікае новыя крызісы. Такія, які развіваецца ў Афганістане. Гэта таксама ўзмацняе крызісы ў такіх краінах, як Сірыя і Емен.

На думку Сусветнай харчовай праграмы ААН, для "прадухілення найгоршага з усіх варыянтаў развіцця падзей для мільёнаў галадаючых" неабходна выдзеліць $7 млрд. Яшчэ ў пачатку года гэта сума была $6,6 млрд. "Паколькі кошт гуманітарнай дапамогі расце ў геаметрычнай прагрэсіі, нам трэба больш сродкаў, каб дапамагчы мільёнам сем'яў, якія вычарпалі ўжо ўсе ўласныя рэсурсы ў барацьбе з голадам", - дадаў кіраўнік СХП. Паводле яго слоў, людзям даводзіцца ісці на неймаверныя хітрасці, каб пракарміцца. Згодна з вынікамі апытанняў, некаторыя ўразаюць рацыён, іншыя проста прапускаюць прыёмы ежы. Дарослыя ахвяруюць сабой і днямі галадаюць, толькі б іх дзеці былі сытыя. Жыхары некаторых раёнаў Мадагаскара, напрыклад, вымушаны ўжываць у ежу саранчу, лісты дзікіх раслін або кактусы.

Паводле даных ААН, усё больш людзей пакутуюць ад голаду ў Афганістане, Эфіопіі, Анголе, Кеніі і Бурундзі, на Гаіці і Самалі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі