Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
26 красавіка 2022, 10:40

Жлобінскі "Металург" стаў чэмпіёнам Беларусі па хакеі

26 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Хакеісты "Металурга" абыгралі "Юнацтва" ў сёмым матчы фіналу Кубка Прэзідэнта і заваявалі чэмпіёнскі тытул другі раз у гісторыі клуба, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У мінулых гульнях серыі каманды атрымалі па тры перамогі - упершыню ў гісторыі фіналаў шэсць матчаў запар завяршыліся з розніцай у адну шайбу. Фіналісты сезона дабраліся да сёмага паядынку толькі трэці раз, папярэдні "залаты" матч быў сыграны ў 2010 годзе таксама на лёдзе "Мінск-Арэны".

Пачатак сёмай гульні, якая сабрала больш за 15 тыс. гледачоў, застаўся за жлабінчанамі. Форвард гасцей Сяргей Кузняцоў адкрыў лік ужо на 7-й мінуце. Пасля прабоіны мінчане перахапілі ініцыятыву, але на перапынак усё роўна пайшлі ўступаючы 0:1. Другі адрэзак прайшоў у роўнай барацьбе, але зноў скончыўся на карысць "стальных ваўкоў": Сяргей Кузняцоў аформіў дубль. Нягледзячы на ўсе старанні мінчан у фінальнай трэці, закінуць яны так і не змаглі. А кропку ў гульні кідком у пустыя вароты паставіў капітан гасцей Яўген Саламонаў. Як вынік - 3:0, "Металург" - лепшая каманда краіны.

Гэты чэмпіёнскі тытул стаў для жлабінчан другім у гісторыі клуба: папярэдняя перамога ў фінале экстралігі была атрымана ў 2012 годзе. У рэгулярным сезоне падапечныя Дзмітрыя Краўчанкі занялі другое месца.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі