Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
12 лютага 2024, 09:41

Зборная Кот-д’Івуара па футболе перамагла на Кубку афрыканскіх нацый 

Фота з архіва
Фота з архіва
12 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Кот-д’Івуары перамогай мясцовай нацыянальнай каманды завяршыўся розыгрыш Кубка афрыканскіх нацый па футболе, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Да вырашальнага матчу ў гэтым годзе разам з гаспадарамі турніру івуарыйцамі дайшла зборная Нігерыі. На групавым этапе каманды таксама гулялі паміж сабой, і тады мацнейшымі аказаліся нігерыйцы - 1:0. "Суперарлы" ўпэўнена выйшлі з квартэта з сямю ачкамі, а ў плэй-оф абыгралі футбалістаў Камеруна, Анголы і ПАР. Кот-д’Івуар прарваўся ў накаўт-раўнд з апошняй магчымай пазіцыі, перад стадыяй 1/8 фіналу з каманды быў звольнены галоўны трэнер Жан-Луі Гасэ. Шэсце па сетцы "сланы" правялі з новым настаўнікам Эмерсам Фаэ, прыбраўшы з дарогі дзеючых чэмпіёнаў з Сенегала, а таксама зборныя Малі і ДР Конга.

Першы тайм фінальнага матчу праходзіў з прыкметнай перавагай гаспадароў, але вызначыцца ўдалося толькі гасцям: незадоўга да свістка на перапынак лік адкрыў капітан Нігерыі Уільям Трост-Эконг. Рэгулярныя атакі івуарыйцаў далі вынік ужо ў другой палавіне - на 62-й мінуце сустрэчы ў вароты саперніка трапіў Франк Кесіэ, а на 81-й Себасцьян Алер вывеў "сланоў" наперад. У астатні час нігерыйцы адказаць не змаглі, у выніку 2:1 - Кот-д’Івуар становіцца чэмпіёнам Афрыкі на роднай зямлі. Бронзу цяперашняга розыгрышу заваявалі футбалісты ПАР, якія абыгралі ў серыі пенальці каманду ДР Конга.

Трыумф на кантынентальным першынстве стаў для зборнай Кот-д’Івуара трэцім у яе гісторыі, раней прадстаўнікі гэтай краіны перамагалі на турніры ў 1992 і 2015 гадах. Часцей за іншых (7 разоў) званне мацнейшай каманды Афрыкі заваёўваў Егіпет, пяць тытулаў у Камеруна, чатыры - у Ганы. Таксама тры вікторыі ў актыве зборнай Нігерыі, двухразовымі чэмпіёнамі з’яўляюцца Алжыр і ДР Конга. Па адной перамозе ў Кубку ў футбалістаў Замбіі, Туніса, Сенегала, Судана, ПАР, Эфіопіі, Марока і Конга.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі