
16 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Зборная Беларусі па пляжным футболе трэці раз прыме старт у фінальнай стадыі чэмпіянату планеты, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Сёння ў Дубаі падапечныя Нікаласа Альварада ў сваім першым паядынку папярэдняй групы С сустрэнуцца з камандай Сенегала. У сусветным рэйтынгу Беларусь цяпер займае 19-е месца, Сенегал знаходзіцца на 10 пазіцый вышэй. У другім сённяшнім матчы гэтага квартэта віцэ-чэмпіёны свету японцы сустрэнуцца з калумбійцамі. У другім туры 18 лютага беларусы згуляюць з японцамі, а 20 лютага завершаць першы этап сустрэчай з Калумбіяй.
Дзве гульні адбудуцца сёння ў квартэце D: Партугалія - Мексіка, Бразілія - Аман.
Напярэдадні, у стартавы дзень 22-га сусветнага першынства, прайшлі паядынкі ў іншых групах:
А - Італія - ЗША - 3:1, ААЭ - Егіпет - 2:1.
В - Таіці - Аргенціна - 4:3, Іран - Іспанія - 6:6 (3:1, па пенальці).
Пасля фінішу групавога этапу ў чвэрцьфінальную стадыю выйдуць па дзве лепшыя каманды. Сустрэчы 1/4 фіналу адбудуцца 22 лютага, паўфіналы пройдуць 24 лютага, вырашальны паядынак за чэмпіёнскі тытул і матч за бронзу адбудуцца 25 лютага.
У 2021 годзе на чэмпіянаце свету ў Маскве золата заваявалі расіяне, якія перамаглі ў фінале японцаў - 5:2, у гульні за бронзавыя ўзнагароды швейцарцы былі мацнейшыя за сенегальцаў - 9:7. Больш за ўсіх чэмпіёнамі планеты станавіліся бразільцы - 14 разоў, па тры тытулы ў Партугаліі і Расіі, адна перамога ў французаў.-0-