Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
07 верасня 2020, 19:51

Зборная Беларусі перамагла Казахстан у Лізе нацый

7 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Футбалісты зборнай Беларусі абыгралі каманду Казахстана з лікам 2:1 у гасцявым матчы Лігі нацый УЕФА, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У першым тайме сустрэчы ў Алматы каманды не змаглі паразіць вароты. У пачатку другой палавіны гульні беларусы сталі дзейнічаць больш актыўна, і на 53-й мінуце Максім Бардачоў адкрыў лік пасля верхавой перадачы Ігара Стасевіча. Падапечныя Міхаіла Мархеля нядоўга былі наперадзе - менш як праз 10 мінут памылку дапусціў галкіпер беларусаў Аляксандр Гутар, і Абат Аймбетаў аднавіў раўнавагу. А на 86-й мінуце пры ўводзе мяча з-за бакавой лініі груба памыліўся адзін з абаронцаў гаспадароў, і Віталь Лісаковіч забіў пераможны гол зборнай Беларусі.

У першым туры спаборніцтваў беларусы прайгралі ў Мінску албанцам з лікам 0:2, а казахстанскія футбалісты з такім жа рэзультатам абыгралі ў Вільнюсе каманду Літвы. Сёння літоўцы згуляюць у Тыране са зборнай Албаніі.

Расклад астатніх сустрэч у 4-й групе лігі С Лігі нацый УЕФА:

11 кастрычніка Літва - Беларусь, Казахстан - Албанія;

14 кастрычніка Беларусь - Казахстан, Літва - Албанія;

15 лістапада Беларусь - Літва, Албанія - Казахстан;

18 лістапада Албанія - Беларусь, Казахстан - Літва.

Па выніках турніру пераможцы чатырох груп лігі С выйдуць у лігу В. У дэбютным сезоне Лігі нацый зборная Беларусі заняла першае месца ў групе 2 лігі D, атрымаўшы павышэнне ў класе, а таксама магчымасць паспрачацца за выхад у фінальную частку Еўра-2020. У паўфінале 8 кастрычніка ў Тбілісі беларускія футбалісты згуляюць са зборнай Грузіі. У другім матчы паўфінальнай стадыі футбалісты Паўночнай Македоніі прымуць каманду Косава. Пераможцы паўфіналаў 12 лістапада сустрэнуцца ў вырашальным паядынку за пуцёўку ў фінальную стадыю чэмпіянату Еўропы, які ў сувязі з пандэміяй каранавіруса быў перанесены на 2021 год.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі