Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
14 снежня 2022, 09:45

Зборная Аргенціны першая прабілася ў фінал чэмпіянату свету ў Катары

14 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Футбалісты зборнай Аргенціны, перамогшы ў паўфінале харватаў з лікам 3:0, першымі прабіліся ў фінал чэмпіянату свету ў Катары, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Першы тайм стартавага паядынку паўфінальнай стадыі прайшоў з перавагай аргенцінцаў, лепшым сярод якіх быў Ліянэль Мэсі. Праз паўгадзіны пасля пачатку гульні харвацкі галкіпер Дамінік Лівакавіч парушыў правілы паблізу сваіх варот, перапыняючы выхад Хуліяна Альварэса, і Мэсі ўпэўнена рэалізаваў пенальці. Гэта яго пяты гол на бягучым турніры. Яшчэ праз 5 мінут ужо сам Альварэс дабіўся поспеху, ухіліўшыся ад трох сапернікаў - 2:0. Пасля перапынку харваты зрабілі тры замены, правялі некалькі небяспечных атак, але скараціць разрыў у ліку не змаглі. Аргенцінцы адказвалі вострымі контратакамі, і на 69-й мінуце гульні Мэсі зноў пацвердзіў свой высокі клас. Ён прайшоў па правым флангу і падаў мяч пад удар Альварэсу, які забіў свой другі гол, устанавіўшы канчатковы рэзультат.

Аргенцінцы ў першым матчы цяперашняга чэмпіянату нечакана пацярпелі паражэнне ад зборнай Саудаўскай Аравіі (1:2), а потым толькі перамагалі. Зборная Аргенціны шосты раз выйшла ў фінал планетарнага форуму, у 1978 і 1986 гадах яна станавілася чэмпіёнам свету.

Сёння ў другім паўфінальным матчы дзеючы чэмпіён планеты зборная Францыі сустрэнецца ў Эль-Хаўры з камандай Марока, якая з'яўляецца галоўнай сенсацыяй гэтага першынства. На шляху да паўфіналу мараканцы прапусцілі ўсяго адзін мяч, не прайграўшы ніводнага матчу. На групавой стадыі яны выбілі з турніру ўладальнікаў бронзы мінулага сусветнага першынства бельгійцаў, а затым пакінулі ўбаку яшчэ двух патэнцыяльных фаварытаў - Іспанію і Партугалію. Зборная Марока стала першым у гісторыі прадстаўніком Афрыкі, які прабіўся ў квартэт мацнейшых каманд свету. Французы на групавым этапе спаборніцтваў прайгралі ў нічога не вырашаўшым матчы тунісцам (0:1), а потым у плэй-оф па чарзе ўзялі верх над палякамі і англічанамі. Іх лідар Кіліян Мбапэ ўжо забіў 5 мячоў і разам з Ліянэлем Мэсі ўзначальвае бамбардзірскую гонку ЧС-2022. Для Францыі маючы адбыцца паўфінал будзе сёмым у гісторыі. У трох з іх яна выйгравала, затым два разы заваёўвала Кубак свету і аднойчы ўступіла ў вырашальным паядынку.

Няўдачнікі паўфінальных баталій 17 снежня паспаборнічаюць за бронзавыя ўзнагароды сусветнага першынства, а пераможцы 18 снежня сустрэнуцца ў вырашальным паядынку за чэмпіёнскі тытул на полі Нацыянальнага стадыёна ў Лусаіле.

У фінале мінулага ЧС, праведзенага ў 2018 годзе ў Расіі, зборная Францыі перамагла харватаў з лікам 4:2, бронзу заваявалі бельгійцы, якія перамаглі ў матчы за 3-е месца англічан з рэзультатам 2:0. Зборная Бразіліі пяць разоў станавілася чэмпіёнам свету, на адзін тытул менш у Германіі і Італіі, па два разы лепшымі былі зборныя Францыі, Аргенціны і Уругвая, па разу - Англіі і Іспаніі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі