Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
04 студзеня 2024, 17:40

Заснавальнік гонак "Гарачы лёд": мы не чакалі такой цікавасці да аўтаспорту

Фота з архіва
Фота з архіва
4 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Легендарным беларускім трэкавым гонкам на аўтамабілях "Гарачы лёд" споўнілася 25 гадоў. Аб антуражы і асаблівасцях першых заездаў журналістам у ходзе прэс-канферэнцыі расказаў заснавальнік гонак Анатоль Шаўчэнка.

Першыя гонкі, якія прайшлі ў 1999 годзе, выклікалі вялікую цікавасць не толькі ва ўдзельнікаў і гледачоў. "Чвэрць стагоддзя - гэта вялікі тэрмін, за які змянілася шмат што. У той час правядзенне спаборніцтваў па аўтамабільным спорце здавалася неймаверным, паколькі пасля развалу СССР спорт у прынцыпе знаходзіўся не ў самым лепшым стане. Улічваючы цікавасць профільных спартсменаў, мы вырашылі паспрабаваць", - успомніў Анатоль Шаўчэнка.

На першыя спаборніцтвы зарэгістраваліся 28 удзельнікаў, у тым ліку з Расіі. Праўда, усяго за паўгадзіны да старту першых заездаў трыбуны стадыёна "Зара", што пад Мінскам, былі практычна пустымі. "Аказалася, што з-за вузкага з’езду з Мінскай кальцавой аўтамабільнай дарогі многія балельшчыкі проста не паспявалі прыехаць своечасова, утварылася вялікая пробка. Хутка трыбуны запоўніліся, хтосьці нават назіраў за гонкамі літаральна з галін дрэў. З-за вялікай колькасці спартсменаў і ўмоў надвор’я спаборніцтвы раздзялілі на два дні. Мы не чакалі такой цікавасці да аўтаспорту", - расказаў заснавальнік гонак.

У першыя гады спаборніцтвы праводзіліся як асобны зімовы чэмпіянат. З часам "Гарачы лёд" увайшоў у праграму чэмпіянату краіны па трэкавых гонках.

"Мы вельмі цесна супрацоўнічаем з ДТСААФ. У спаборніцтвах прымалі ўдзел прадстаўнікі іншых краін, змянілася нямала чэмпіёнаў. З’явіліся новыя класы, якія прыцягваюць новых аўтагоншчыкаў", - сказаў Анатоль Шаўчэнка.

Эмоцыямі падзяліўся і першы пераможца "Гарачага лёду" Андрэй Пагоцкі. Спартсмен адзначыў важнасць таго, што трэкавыя гонкі прадаўжаюць развівацца. "На самай справе на час правядзення першай гонкі ў мяне ўжо быў пэўны вопыт у аўтамабільным спорце з пункту гледжання падрыхтоўкі аўтамабіляў. Я разумеў, што рабіць. У маім поспеху немалая заслуга каманды. У вырашальным заездзе я прабіў радыятар. Здавалася, што першае месца страчана. Аднак агульнымі намаганнямі ўдалося хутка выправіць сітуацыю: літаральна знялі радыятар з суседняй машыны кіраўніка клуба, і заезд удалося паспяхова завяршыць. Эмоцыі перапаўнялі. Але, паўтаруся, самае важнае, што гэтыя спаборніцтвы далі вялікі штуршок развіццю трэкавых гонак у цэлым", - рэзюмаваў Андрэй Пагоцкі.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі