Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
10 ліпеня 2020, 11:52

"З ГОНАРАМ У СЭРЦЫ": Фабрыка чэмпіёнаў Уладзіміра Шантаровіча

За сваю доўгую і плённую кар'еру Уладзімір Шантаровіч падрыхтаваў 25 майстроў міжнароднага класа і амаль 170 майстроў СССР і Беларусі, у тым ліку алімпійскіх чэмпіёнаў Рамана Петрушэнку і Вадзіма Махнёва. Настаўнік з 2001 года ўзначальвае зборную Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ, увесь гэты час паспяхова прыўносячы новыя методыкі і тэхнікі, якія даюць магчымасць беларусам быць у ліку мацнейшых на самых прэстыжных спаборніцтвах. Карэспандэнт БЕЛТА пагутарыў са знакамітым трэнерам і паспрабаваў даведацца аб сакрэце фабрыкі чэмпіёнаў Уладзіміра Шантаровіча.

- Спорт не стаіць на месцы, ён пастаянна развіваецца. Як змянілася веславанне ў Беларусі за апошнія гады?

- Беларускаму веславанню ўжо 70 гадоў. Тое, што на гэты момант заваявана групай беларускіх спецыялістаў, - выдатныя вынікі. Абсталявана якасная інфраструктура. У пачатку 1990-х гадоў не было ніводнага вяслярнага канала, а цяпер створаны спартыўныя цэнтры ў Мінску, Брэсце, Гомелі і іншых гарадах. Дзяржава ўдзяляе большую ўвагу развіццю нашага віду спорту. Тэхнікі, што былі пры Савецкім Саюзе, група трэнераў, якая працавала ў той час, адаптавала і прыўнесла новае ў метадычнае развіццё веславання на байдарках і каноэ ў Беларусі.

- А як ідуць справы з падрыхтоўкай профільных спецыялістаў?

- Пасля развалу СССР і набыцця незалежнасці мы падрыхтавалі шмат спецыялістаў у галіне методыкі, яны адпавядаюць самым высокім патрабаванням на міжнароднай арэне. Віды спорту, якія былі папулярны ў Савецкім Саюзе, у нас у краіне падтрымліваюць, што дае свой вынік. Гэта і адзінаборствы, цяжкая атлетыка, біятлон, цыклічныя віды. У нас веславанне на байдарках і каноэ можа размясціцца на любой рацэ. Тэрыторыя краіны пакрыта рэкамі і азёрамі. Прыклаўшы да гэтага правільную селекцыйную работу - атрымліваем вынікі. Любы прагрэс будуецца на спецыялістах. У нас у гэтым відзе спорту знаходзяцца прафесіяналы і сапраўдныя фанаты сваёй справы. Перамагае той, хто найбольш адданы сваёй справе. Калі чалавек не проста прыходзіць на работу, а жыве ёю.

- Ці можна назваць веславанне на байдарках і каноэ нацыянальным відам спорту?

- Безумоўна. На першынстве краіны ў нас выступаюць 400-500 спартсменаў. У паўфіналах праходзіць па шэсць-дзесяць заездаў. Тым не менш, падрыхтоўка моладзі - заўсёды актуальнае пытанне. Важна, каб сістэма працавала зладжана. Пакуль нам удаецца гэта арганізаваць, але мяжы дасканаласці няма, трэба прадаўжаць і імкнуцца да большага. І такія словы не ўстаноўка, а жыццёвая неабходнасць для нас.

- Практычна ніводныя спаборніцтвы на міжнародных стартах па веславанні на байдарках і каноэ не абыходзяцца для беларусаў без медалёў. Як удаецца ўтрымліваць лідзіруючыя пазіцыі ў свеце пры такой высокай канкурэнцыі?

- Усё жыццё складаецца з уздымаў і спадаў. Праходзяць алімпійскія цыклы, рана ці позна ўзнікае стомленасць у спартсменаў і трэнераў. Важна на аснове напрацаваных методык падрыхтаваць новых спартсменаў. У Беларусі веславанне карыстаецца папулярнасцю. У нас у краіне займаюцца амаль 8 тыс. чалавек у вучэбных групах. Мы выбудавалі якасную вертыкаль у рэгіёнах, абласцях, якая дае новых прафесіяналаў. Людзі жывуць сваёй справай. Аб пераемнасці можна гаварыць, калі гэта сістэма працуе, у нас яна функцыянуе спраўна, рыхтуючы новых спецыялістаў. Паколькі ўнутраная канкурэнцыя дае вынікі і на міжнародных стартах.

- Якія якасці павінен мець чэмпіён?

- Вясляр, па-першае, - гэта воін, гоншчык. Ён выходзіць на старт як на бітву. Для яго ўсё жыццё - гэта барацьба. Сапраўдны чэмпіён на любых спаборніцтвах гатовы змагацца толькі за ўзнагароды, канкурыраваць на піку сваіх магчымасцей, пераадольваць усе цяжкасці і вырываць перамогу ў сваіх сапернікаў.

- Вы сведка шматлікіх знакавых спартыўных форумаў. Самыя запамінальныя моманты ў вашай кар'еры?

- Самыя знакавыя падзеі для мяне - гэта Алімпійскія гульні: 2004 год у Афінах, 2008 год у Пекіне, 2012 год у Лондане, 2016 год у Рыа-дэ-Жанэйра. Выступленні на чэмпіянатах свету, дзе мы станавіліся пераможцамі ў камандным першынстве. Мы рэгулярна становімся чэмпіёнамі і прызёрамі самых прэстыжных спаборніцтваў, і гэта пры насельніцтве 9,5 млн. А нам жа даводзіцца процістаяць усяму свету, у тым ліку такім краінам, як ЗША, Расія, Кітай.

- Чым цяпер занята нацыянальная зборная па веславанні на байдарках і каноэ? На чым акцэнт пры падрыхтоўцы?

- Цяпер упор робіцца на тое, каб зборная не спынілася і прадоўжыла трэніравацца з ранейшай самааддачай. Цяжка заўсёды быць на піку, не ведаючы, калі будуць праведзены спаборніцтвы. У той жа час вельмі важна не страціць пачуццё голаду да спаборніцтваў і заваявання медалёў. Цяпер цэнтралізаваная падрыхтоўка нацыянальнай каманды вядзецца ў Заслаўі і Мазыры. Спартсмены знаходзяцца пад пільным санітарна-эпідэміялагічным кантролем.

Многія атлеты трэніруюцца гэтак жа, як і мы. Спыненне многіх відаў спорту ў свеце будзе, што можа прывесці да страты вопыту. Галоўнае, што патрэбна беларусам - гэта пачуццё вастрыні, не астыць да любімай справы без турніраў. У нас у планах правядзенне шэрага спаборніцтваў летам. У іх ліку першынство Беларусі да 18 гадоў, Кубак і чэмпіянат Беларусі. Мы спрабуем рабіць усё, каб спартсмены не застойваліся. Спорт у такі складаны час аб'ядноўвае. У нас ужо ёсць 12 ліцэнзій на галоўны старт чатырохгоддзя. Калі Алімпіяда ў Токіа адбудзецца ў 2021 годзе, будзем з поўнай самааддачай змагацца за медалі.

Аляксандр ЖЫБУЛЬ,

БЕЛТА.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі