Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
08 красавіка 2022, 15:40

Вызначыліся ўсе чвэрцьфіналісты гандбольнай Лігі чэмпіёнаў

8 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У розыгрышы гандбольнай Лігі чэмпіёнаў сярод мужчынскіх каманд сталі вядомы ўсе ўдзельнікі чвэрцьфінальнай стадыі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Пасля паядынкаў 1/8 фіналу ў чвэрцьфінал прабіўся толькі адзін былы сапернік чэмпіёнаў Беларусі гандбалістаў клуба "Мяшкоў Брэст". Французскі "Манпелье" перамог па суме дзвюх сустрэч партугальскі "Порту" - 29:29 (у гасцях) і 35:27 (дома). У чвэрцьфінале сапернікам французскай каманды будзе польскі клуб "Кельцы", за які выступаюць беларускія гандбалісты Арцём Каралёк і Уладзіслаў Кулеш.

Яшчэ тры апаненты брастаўчан па групавым этапе не змаглі выйсці ў 1/4 фіналу. Паўночнамакедонскі "Вардар" са Скоп'я ўступіў венгерскаму "Веспрэму" - 22:30 (дома) і 31:31 (у гасцях). На наступнай стадыі венгерскі клуб будзе сапернічаць з дацкім "Ольбаргам". Нарвежскі "Эльверум" аказаўся слабейшым за французскі клуб "Пары Сен-Жэрмен" - 30:30 (дома) і 30:37 (у гасцях). У барацьбе за пападанне ў "Фінал чатырох" парыжане згуляюць з нямецкім "Кілем". Венгерскі "Пік" з Сегеда выбыў з турніру пасля сустрэч з нямецкім "Фленсбургам" - 21:25 (у гасцях) і 36:35 (дома). У чвэрцьфінале прадстаўнікі бундэслігі сустрэнуцца з іспанскай "Барселонай".

Першыя чвэрцьфінальныя гульні адбудуцца 11 мая, паядынкі ў адказ пройдуць 18 мая. Пераможцы выступяць у "Фінале чатырох", які намечана правесці 18-19 чэрвеня ў нямецкім Кёльне. У мінулым сезоне Лігу чэмпіёнаў выйгралі гандбалісты "Барселоны", якія перамаглі ў вырашальным паядынку "Ольбарг" з рэзультатам 26:23. У матчы за трэцяе месца "Пары Сен-Жэрмен" узяў верх над яшчэ адным французскім клубам "Нантам" - 31:28.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі