Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
27 лістапада 2020, 16:59

Вызначаны пераможцы конкурсу малюнка "Алімпійскі агонь запальвае сэрцы"

27 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У штаб-кватэры НАК Беларусі падвялі вынікі рэспубліканскага конкурсу "Алімпійскі агонь запальвае сэрцы". У фінале былі прадстаўлены работы, прысвечаныя II Еўрапейскім гульням у Мінску і маючым адбыцца XXXII Алімпійскім гульням у Токіа. Аўтары пастараліся паказаць у сваіх малюнках віды спорту, якія найбольш папулярны ў Беларусі: мастацкая гімнастыка, лёгкая атлетыка, баскетбол, веласпорт, каратэ, барацьба і іншыя віды, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе арганізацыі.

Пераможцаў і прызёраў вызначала журы, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі НАК, Паралімпійскага камітэта, Мінадукацыі, Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, вядомыя спартсмены Антон Кушнір, Дзмітрый Даўгалёнак, Наталля Цылінская, Юрый Голуб, Васіліса Марзалюк, Таццяна Лядоўская.

У намінацыі "Агонь дружбы" (выхаванцы спецыяльных вучэбна-выхаваўчых устаноў ва ўзросце 11-17 гадоў) лепшымі сталі Арам Вінаградаў і Іван Івановіч (Магілёў, "Алімпійцы"), Марыя Волкава (Драгічын, "Агонь дружбы") і Максім Дзікавецкі (Пінск, "Заўсёды наперад").

У намінацыі "Агонь натхнення" (дзеці з абмежаванымі магчымасцямі ва ўзросце 12-16 гадоў) былі адзначаны Кацярына Кавалец (Лунінец, "Да мары..."), Андрэй Казьянін (Лепель, "Алімпійскі агонь аб'ядноўвае кантыненты") і Ксенія Івуць, (Іўеўскі р-н, "Лесік - галоўны сімвал II Еўрапейскіх гульняў").

У намінацыі "Агонь адзінства" (навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ва ўзросце 12-16 гадоў) не было роўных Настассі Лойка (Драгічынскі р-н, "Агонь адзінства"), Дар'і Грышчанка (Петрыкаўскі р-н, "Беларусы! Мы вамі ганарымся!") і Сафіі Тазіевай (Мінск, "Час яскравых перамог").

У намінацыі "Агонь надзеі" (дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, ва ўзросце 12-16 гадоў) лепшымі сталі Мікіта Андруконіс (аг. Гіркі, Гродзенская вобл.," на шляху да Пекіну"), Ганна Сапега, (Орша, "Лесік, спорт і я"), Алеся Легенькая (Гомельская вобласць, аг. Улукоўе, "Наша будучыня ў нашых руках").

Члены журы прызналіся, што зрабіць выбар на карысць пэўных работ было вельмі складана. "Калі дзіця выказвае свае пачуцці і эмоцыі ў малюнку або іншым відзе мастацтва - гэта дарагога каштуе. Работы, якія былі прадстаўлены ў фінале конкурсу, не могуць пакінуць абыякавым нікога. Складана было выбраць самых лепшых з такой колькасці добрых работ, але склад журы стараўся быць аб'ектыўным", - сказала васьміразовая чэмпіёнка свету па веласпорце шматдзетная маці Наталля Цылінская.

Алімпійскі чэмпіён у лыжнай акрабатыцы Антон Кушнір, у якога чацвёра дзяцей, заўсёды з асаблівым пачуццём ставіўся да дзіцячых малюнкаў. "У мяне дачка малюе, заўсёды паказвае мне свае творы. На конкурсе былі прадстаўлены самыя розныя работы, і кожнае дзіця заслугоўвае хвалы і заахвочвання за сваё старанне", - адзначыў Антон Кушнір.

У 2020 годзе конкурс праводзіўся сумесна з Міністэрствам адукацыі ў два этапы. На першы (адборачны) этап усе ўдзельнікі прадставілі свае работы ва ўпраўленні адукацыі адпаведнай вобласці і Камітэт па адукацыі Мінска. У рэгіёнах былі вызначаны па тры лепшыя работы ў чатырох намінацыях, якія і былі накіраваны ў НАК для ўдзелу ў фінальным этапе.

Усяго ў рэспубліканскім конкурсе прынялі ўдзел больш за 1000 работ, а ў вырашальны этап былі адабраны 72 малюнкі.

Нацыянальны алімпійскі камітэт праводзіць конкурс малюнка "Алімпійскі агонь запальвае сэрцы" з 2015 года. Мэта праекта - далучыць дзяцей і моладзь да ідэалаў і каштоўнасцей алімпійскага руху праз творчасць, папулярызацыю спорту і здаровага ладу жыцця, а таксама ўвасабленне аднаго з асноватворных прынцыпаў Алімпійскай хартыі - сумяшчэнне спорту з культурай і адукацыяй.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі