Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
31 мая 2022, 12:35

"Вы будзеце народнымі дыпламатамі". Віктар Лукашэнка даў наказ юным беларускім атлетам на міжнародны форум

31 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сярод задач беларускіх спартсменаў на міжнародным форуме юных атлетаў з'яўляецца народная дыпламатыя. Аб гэтым у сваім слове на дарогу перад паездкай юных беларускіх спартсменаў у Расію заявіў прэзідэнт НАК Беларусі Віктар Лукашэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Наша дэлегацыя трэці раз адпраўляецца ў Маскву на форум юных атлетаў. Але ўпершыню ў такім шырокім, прадстаўнічым складзе. Хацелася б выказаць словы ўдзячнасці НАК Расіі за арганізацыю і запрашэнне. Тут сабраліся найбольш дастойныя прадстаўнікі нашай маладой спартыўнай супольнасці, якія з'яўляюцца будучыняй нашага спорту", - сказаў Віктар Лукашэнка.

Ён папрасіў юных атлетаў вырашыць тры асноўныя задачы ў час гэтай патрэбнай і важнай спартыўнай камандзіроўкі. "Па-першае, адпачніце як мае быць. Многія з вас скончылі інтэнсіўныя трэніроўкі, хтосьці іх толькі пачынае, а ў кагосьці трэніровачны працэс цяпер ідзе ў самым разгары. Таму адпачынак ні для каго не будзе лішнім. Праграма паездкі вялікая, таму ў вас будзе магчымасць адпачыць і паглядзець выдатныя мясціны", - упэўнены прэзідэнт НАК Беларусі.

Па-другое, важна ўдзяліць увагу адукацыйнаму аспекту. "Расійскі бок прапануе вельмі цікавую і насычаную праграму. Пачынаючы з інфармацыі аб допінгу і заканчваючы прынцыпамі алімпійскага руху, які павінен аб'ядноўваць нас. На жаль, цяпер мы не бачым гэтага. Таму адукацыя - гэта другая задача", - лічыць Віктар Лукашэнка.

Трэцяй важнай задачай з'яўляецца народная дыпламатыя. "У Маскве вы будзеце народнымі дыпламатамі. Па сутнасці, спартсмены заўсёды імі з'яўляюцца. Але адна справа, калі вы ўдзельнічаеце ў спаборніцтвах і вам не да гэтага. Зусім іншая, калі ў вас ёсць магчымасць агледзецца, паразмаўляць з равеснікамі, абмяняцца інфармацыяй. Моладзь заўсёды вызначалася шырынёй поглядаў, непрадузятасцю меркаванняў", - адзначыў Віктар Лукашэнка.

На заканчэнне прэзідэнт НАК дадаў: "Нягледзячы на той націск, які аказваюць на нас і на вас міжнародныя спартыўныя структуры, нашы спартыўныя чыноўнікі адназначна зробяць усё, каб вы сябе добра адчувалі. Каб у вас была магчымасць выступаць на ўсіх міжнародных спаборніцтвах і дабівацца таго, чаго вы дастойныя. У добры шлях!"

У Маскве 1-2 чэрвеня адбудзецца Міжнародны форум юных алімпійцаў, які прысвечаны алімпійскім каштоўнасцям, прынцыпам і перадавым тэхналогіям у спорце. Больш за 60 юных беларускіх атлетаў, якія прадстаўляюць 22 віды спорту, азнаёмяцца з перадавымі напрацоўкамі ў галіне фізічнай і спецыяльнай падрыхтоўкі, псіхалогіі, рэабілітацыі пасля траўмаў, а таксама антыдопінгавых праграм.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі