Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
12 чэрвеня 2020, 09:43

ВРЗ зраўнаваў лік у фінальнай серыі чэмпіянату Беларусі па міні-футболе

12 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Гомельскі ВРЗ перамог аршанскі "Вітэн" з лікам 2:1 і аднавіў раўнавагу ў фінальнай серыі за золата чэмпіянату Беларусі па міні-футболе - 1:1, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Сустрэча 11 чэрвеня на паркеце гомельскага Палаца гульнявых відаў спорту атрымалася вельмі напружанай. Лік быў адкрыты за мінуту да заканчэння першай палавіны, калі гасцей вывеў наперад Юрый Рабыка. Героем другога тайма стаў Яўген Клачко - на 31-й мінуце гульні ён аднавіў парытэт, а за 40 секунд да фінальнай сірэны эфектным ударам прынёс перамогу ВРЗ - 2:1.

У мінулую нядзелю ў першым матчы серыі да трох перамог спартсмены "Вітэна" ў Оршы атрымалі валявую перамогу ў авертайме з лікам 3:2. Тады ў час гульні аршанцы ўступалі 0:2, але здолелі змяніць ход паядынку і выйсці наперад.

Трэці паядынак серыі за чэмпіёнскі тытул адбудзецца 14 чэрвеня на паркеце аршанскага спарткомплексу "Алімпіец", а 18 чэрвеня сапернікі зноў сустрэнуцца ў Гомелі.

У першым матчы серыі за бронзавыя медалі мінская "Сталіца" ў палацы спорту "Уручча" ўпэўнена перамагла гасцей з гомельскага БЧ - 4:1. Іх паўторны паядынак пройдзе 12 чэрвеня ў Гомелі.

У мінулым сезоне сваё трэцяе золата заваявала "Сталіца", якая перамагла ў фінальнай серыі ВРЗ (3:1). Уладальнікам бронзавых узнагарод стаў "Вітэн", які перамог БЧ у серыі за 3-е месца (2:1).

Самым тытулаваным клубам з'яўляецца мінскі "Дарожнік", які шэсць разоў станавіўся чэмпіёнам краіны. У "Лідсельмаша" чатыры залатыя ўзнагароды, па тры - у "Вітэна", "Мінска", МАПІДа і "Сталіцы".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі