Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
22 студзеня 2020, 19:25

Вязовіч: 3-е месца на "Дакары-2020" - поспех для каманды "МАЗ-СПОРТаўта"

22 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Трэцяе месца на "Дакары-2020" - гэта поспех для каманды "МАЗ-СПОРТаўта". Аб гэтым сёння расказаў журналістам у Нацыянальным аэрапорце Мінск лідар каманды Сяргей Вязовіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У час ралі-рэйду вельмі шмат было каменнага бездарожжа, мы з хлопцамі дагэтуль ні разу такога не бачылі. Тым не менш спецучасткі стараліся пераадолець з максімальнай скорасцю. Чым складанейшая траса, тым лепш для МАЗа, - сказаў Сяргей Вязовіч. - Трэцяе месца на "Дакары" - гэта поспех для нашай каманды. На гэтай гонцы быў выстаўлены вельмі моцны склад у нашых канкурэнтаў - "КАМАЗ-майстра".

Ён дадаў, што наступным стартам для беларускіх спартсменаў стане выступленне ў красавіку на ралі ў Марока.

Грузавік "МАЗ-СПОРТаўта" пад кіраўніцтвам Сяргея Вязовіча заняў трэцяе месца ў генеральнай класіфікацыі ралі "Дакар-2020". Яго таварышы па камандзе паказалі наступны вынік: Аляксей Вішнеўскі заняў восьмую пазіцыю, аўтамабіль Аляксандра Васілеўскага фінішаваў 12-м.

Пераможцам стаў грузавік расійскага "КАМАЗ-майстра" пад кіраўніцтвам Андрэя Каргінава. Другое месца дасталася экіпажу яго таварыша па камандзе Антона Шыбалава.

"Дакар" упершыню прайшоў на Блізкім Усходзе, куды старты перабраліся пасля 11 гадоў у Паўднёвай Амерыцы. З 2020 года як мінімум пяць гадоў запар ралі-марафон будзе прымаць Саудаўская Аравія. На старт выйшаў 351 экіпаж (134 пазадарожнікі і UTV, 170 матацыклаў і квадрацыклаў, 47 грузавікоў).-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі