Сцяг Аўторак, 22 красавіка 2025
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
16 красавіка 2025, 09:35

"Віцебск" павялічыў адрыў ад "Юнацтва" ў фінальнай серыі Кубка Прэзідэнта

 

16 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Хакейны клуб "Віцебск" максімальна наблізіўся да перамогі ў фінальнай серыі плэй-оф беларускай экстралігі супраць "Юнацтва", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Першы і трэці матчы серыі да чатырох перамог завяршыліся на карысць "Віцебска" (4:2 і 2:1), другая гульня засталася за сталічным клубам (3:1). Чацвёрты паядынак фіналу прыняў віцебскі лядовы палац. Гаспадары адкрылі лік ужо на пятай мінуце намаганнямі Яўгена Астанкава, але даволі хутка форвард "Юнацтва" Павел Кулікоў вярнуў на табло роўнасць. Праўда, лідарамі на перапынак усё роўна пайшлі віцябчане, у складзе якіх большасць рэалізаваў Аляксандр Ляўко - 2:1.

У другім перыядзе закінутых шайбаў гледачы не ўбачылі, а ў заключнай трэці мінчане павярнулі ход гульні на сваю карысць. Спачатку Кулікоў аформіў дубль, а праз чатыры мінуты Іван Касарэнкаў у меншасці вывеў гасцей наперад. Да вікторыі ў асноўны час "Юнацтва" не дацярпела 30 секунд - Аляксандр Ганчароў перавёў сустрэчу ў авертайм. Дадатковы адрэзак не прадоўжыўся і пяці мінут, перамогу "Віцебску" з лікам 4:3 прынёс Максім Лемяшэўскі.

Такім чынам, падапечныя Рамана Юпатава цяпер вядуць у серыі з лікам 3:1 і знаходзяцца за адзін крок ад заваявання першага ў гісторыі клуба Кубка Прэзідэнта. Пяты паядынак фіналу экстралігі 17 красавіка прыме "Чыжоўка-Арэна". Пачатак сустрэчы - у 20.00.-0-

Фота Аляксандра Хітрова
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі