Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
28 кастрычніка 2021, 09:47

"Вітэн" згуляў унічыю з "Жальгірысам" у кваліфікацыі ЛЧ па міні-футболе

28 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Аршанскі "Вітэн" набраў першы бал у асноўным кваліфікацыйным раўндзе Лігі чэмпіёнаў па міні-футболе, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У сваім другім паядынку 3-й групы ў літоўскім Каўнасе чэмпіёны Беларусі згулялі ўнічыю з мясцовым "Жальгірысам" - 3:3. У першым тайме Арцём Якубаў вывеў "Вітэн" наперад, адразу пасля перапынку гаспадары на працягу дзвюх мінут забілі тры мячы запар, а ў канцы гульні Арцём Рось і Яўген Пераміцін двойчы паразілі вароты каўнаскага клуба.

На старце спаборніцтваў падапечныя Аляксея Папова ўступілі адной з мацнейшых каманд свету іспанскай "Барселоне" з лікам 1:5. У другім матчы першага тура яшчэ адзін прадстаўнік Іспаніі "Левантэ" ўпэўнена перамог "Жальгірыс" з рэзультатам 4:1.

У іспанскім дэрбі ўчора "Барса" нечакана значна выйграла ў "Левантэ" - 9:2. Заўтра ў апошнім туры "Вітэн" будзе сапернічаць з "Левантэ", а "Барселона" сустрэнецца з "Жальгірысам".

Становішча каманд пасля двух гульнявых дзён: "Барселона" - 6 ачкоў, "Левантэ" - 3, "Жальгірыс" - 1, "Вітэн" - 1.

Склады астатніх квартэтаў:

1 - "Лучэнец" (Славакія), "Хале-Гооік" (Бельгія), "Бенфіка" (Лісабон, Партугалія), "Сінара" (Екацярыбург, Расія).

2 - "Добавец" (Славенія), "Спортынг" (Лісабон, Партугалія), "Аньер-Вільнёў" (Францыя), "Атырау" (Казахстан).

4 - "Пезара" (Італія), "Пльзень" (Чэхія), "Цюмень" (Расія), "Кайрат" (Алматы, Казахстан).

З гэтых груп у элітны кваліфікацыйны раўнд чэмпіёнскай Лігі выйдуць па тры лепшыя каманды. Матчы элітнага раўнда пройдуць з 30 лістапада па 5 снежня. Вырашальны этап - "Фінал чатырох" - адбудзецца ў красавіку-маі 2022 года.

У мінулым сезоне Лігі чэмпіёнаў партугальскі "Спортынг" заваяваў свой другі тытул, перамогшы ў фінальным паядынку трохразовага пераможцу ЛЧ "Барселону" з лікам 4:3. Самым тытулаваным клубам з'яўляецца іспанскі "Інтэр Мовістар", які пяць разоў быў пераможцам галоўнага турніру Старога Свету.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі