Сцяг Пятніца, 5 снежня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
03 снежня 2025, 10:27

Валерый Грамыка прызнаны лепшым футбалістам Беларусі 2025 года 

3 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Валерый Грамыка ўпершыню прызнаны лепшым футбалістам Беларусі. Такі вынік традыцыйнага апытання АБФФ, у якім прынялі ўдзел футбольныя спецыялісты і журналісты, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У гэтым сезоне 28-гадовы паўабаронца быў адным з лідараў нацыянальнай зборнай Беларусі. У складзе галоўнай каманды краіны Валерый Грамыка ў 2025 годзе правёў дзевяць матчаў, у якіх забіў два мячы. Выступаючы ў алмацінскім "Кайраце", беларускі паўабаронца стаў чэмпіёнам Казахстана і нядрэнна праявіў сябе ў дэбютных паядынках Лігі чэмпіёнаў. На цырымонію ён прыбыць не змог, а заслужаную ўзнагароду атрымалі яго бацькі.

Сярод жанчын лепшай футбалісткай Беларусі стала адна з лідараў зборнай Настасся Шлапакова, якая выступае ў маскоўскім "Дынама". Лепшым іграком, нападаючым і бамбардзірам жаночага чэмпіянату Беларусі прызнана Вікторыя Валюк ("Мінск").

У час цырымоніі падвядзення вынікаў настаўнік бронзавага прызёра нацыянальнага чэмпіянату мазырскай "Славіі" Іван Біёнчык стаў уладальнікам узнагароды лепшаму трэнеру краіны. Яго калега Юрый Малееў, які прывёў футбалістак мінскага "Дынама-БДУФК" да чарговага чэмпіёнскага тытула, названы лепшым настаўнікам жаночых каманд.

Юрый Малееў

Віцэ-чэмпіёны Беларусі футбалісты сталічнага "Дынама" атрымалі прызы "Справядлівай гульні" і "За волю да перамогі". Брэсцкае "Дынама" і яго шматлікія балельшчыкі чарговы раз удастоены прыза "Глядацкіх сімпатый".

Лепшым нападаючым чэмпіянату Беларусі прызнаны форвард "Іслачы" Аляксандр Шасцюк, якому таксама не было роўных сярод бамбардзіраў беларускага першынства - ён забіў 17 мячоў. Сярод абаронцаў лепшым стаў прадстаўнік чэмпіёна краіны "МЛ Віцебск" Захар Волкаў, яго партнёр па камандзе Руслан Лісаковіч названы лепшым паўабаронцам, а вартавы чэмпіёнскіх варот Павел Паўлючэнка стаў лепшым іграком чэмпіянату Беларусі і ўладальнікам прыза лепшаму галкіперу імя Міхаіла Вергеенкі. Самым карысным іграком беларускай вышэйшай лігі аказаўся брэсцкі дынамавец Ягор Карцоў.

Лепшымі суддзямі названы гамяльчане - галоўны арбітр Амін Кургхелі і яго асістэнты Віктар і Андрэй Гецікавы.

У пляжным футболе лепшым іграком дзясяты раз прызнаны лідар зборнай Беларусі Ігар Брыштэль. У міні-футболе лаўрэатамі сезона названы галкіпер зборнай Беларусі і "Сталіцы" Аляксей Лукша і Міраслава Зубко ("Мінск").

Свае ўзнагароды і прызы атрымалі таксама спецыялісты, якія ўнеслі вялікі ўклад у развіццё дзіцяча-юнацкага і масавага футбола, а таксама заслужаныя ветэраны.-0- 

Фота Андрэя Сіняўскага 
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі