
27 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сталічны "Будаўнік" атрымаў другую перамогу ў бягучым сезоне мужчынскага чэмпіянату Расіі па валейболе, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У заключным матчы адыходзячага года падапечныя Алега Мікановіча ў Палацы спорту "Уручча" прымалі "Нову" з Навакуйбышэўска. На старце сустрэчы сапернікі абмяняліся выйгранымі сэтамі (25:22 і 18:25), у трэцім адрэзку мацнейшымі зноў былі гаспадары - 25:22. Самай упартай у матчы аказалася чацвёртая партыя: каманды дагуляліся да ліку 25:25, але два наступныя розыгрышы засталіся за мінчанамі. У выніку 3:1 па сэтах і другая перамога "Будаўніка" ў 13 матчах сезона.
Дзякуючы гэтаму поспеху беларускі клуб выбраўся з апошняй 16-й пазіцыі ў табліцы расійскай Суперлігі, абышоўшы якраз "Нову". Цяпер у мінчан 7 балаў і 15-ы радок, адставанне ад прахаднога ў плэй-оф 12-га месца складае ўсяго тры ачкі. Наступны матч у чэмпіянаце Расіі ігракі "Будаўніка" правядуць 4 студзеня на выездзе супраць ніжнявартаўскага клуба "Югра-Саматлор", які апярэджвае беларусаў на адзін бал.-0-