
24 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Валейбалісткі брэсцкага "Прыбужжа" перамаглі "Мінчанку-2" і сталі бронзавымі прызёрамі розыгрышу Кубка Беларусі-2020, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Сустрэча ў сталічным спарткомплексе "Уручча" завяршылася з лікам 3:1 (25:5, 22:25, 25:23, 25:19) на карысць падапечных Наталлі Мелянюк.
Пасля першага сэта, у якім "Мінчанка-2" змагла набраць толькі пяць ачкоў, маладыя сталічныя валейбалісткі сабраліся і змаглі зраўнаваць лік. У далейшым на пляцоўцы была роўная барацьба. Ініцыятыва пераходзіла ад адной каманды да другой, але ў канцоўках партый праяўляўся вопыт ігракоў "Прыбужжа". Адзначым у радах пераможцаў Аксану Кавальчук. Адна з самых вопытных дзеючых ігракоў краіны прадаўжае кар'еру ў Брэсце, з'яўляючыся сапраўдным арыенцірам для сябровак па камандзе. Вось і на гэты раз яе ўклад у бронзавы поспех дружыны быў вельмі значным.
У спаборніцтве за галоўны трафей турніру сёння валейбалісткі "Мінчанкі" сыдуцца з гродзенскім "Камунальнікам-ГрДУ".
Арганізатары прынялі рашэнне дапусціць гледачоў на трыбуны пры ўмове захавання масачнага рэжыму і іншых санітарных патрабаванняў у сувязі з пандэміяй каранавіруса.-0-