24 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Валейбалісткі "Мінчанкі" выйгралі ў "Прыбужжа" ў паўфінальным матчы Кубка Беларусі з лікам 3:0 (25:23, 25:22, 25:11), паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Дружына Станіслава Салікава дыктавала свае ўмовы саперніцам з Брэста ад пачатку да канца паядынку. Разам з тым трэба аддаць належнае "Прыбужжу" пад кіраўніцтвам Наталлі Мелянюк, ігракі якога дастойна трымалі ўдар у двух сэтах. На прыцягу гэтых адрэзкаў прынцыповага проціборства брастаўчанкі дзейнічалі на ўзроўні, супастаўным з тым, які дэманстравалі спартсменкі з Мінска. Аднак у канцоўках партый вопыт ігракоў сталічнай дружыны браў сваё.
У трэцяй партыі ігракі брэсцкай каманды прыкметна "падселі", у першую чаргу маральна. Мінчанкі ж, наадварот, адчулі блізкасць перамогі і ўзмацнілі націск. Іх трэнер умела дырыжыраваў тэмпам гульні з дапамогай замен. Сталічныя спартсменкі звялі да мінімуму памылкі ў атацы, надзейна прыкрыўшы блокам канкурэнтак. Акрамя таго, у фаварытаў розыгрышу "паляцела" падача, дзякуючы якой каманда Станіслава Салікава зарабіла некалькі важных ачкоў. Ды і на прыёме гульня ў "Мінчанкі" спорылася. Гэта, безумоўна, паўплывала на вынік.
У спрэчцы за галоўны трафей турніру валейбалісткі "Мінчанкі" сустрэнуцца з гродзенскім "Камунальнікам-ГрДУ". "Прыбужжа" ў матчы за бронзу пастараецца зламаць супраціўленне яшчэ адной сталічнай дружыны - "Мінчанкі-2". Фінал Кубка Беларусі намечаны на 24 снежня і пачнецца ў 15.00. Саіскальнікі бронзы спаборніцтваў пачнуць паядынак паміж сабой у 12.30. Турнір праходзіць у сталічным спарткомплексе "Уручча".
Арганізатары прынялі рашэнне дапусціць гледачоў на трыбуны пры ўмове выканання масачнага рэжыму і іншых санітарных патрабаванняў у сувязі з пандэміяй каранавіруса.-0-