16 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Валейбалісткі "Мінчанкі" выйгралі чэмпіянат Беларусі. У вырашальнай сустрэчы падапечныя Станіслава Салікава абыгралі мазырскую "Жамчужыну Палесся" з лікам 3:0 (25:17, 25:21, 25:16), паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Фінальная сустрэча прайшла пад дыктоўку валейбалістак сталічнай дружыны, якія аформілі перамогу ў трох сэтах. Мінчанкі значна лепш за саперніц дзейнічалі на блоку і ў абароне. Акрамя таго, у іх паляцела падача, якая прыкметна ўскладніла жыццё валейбалісткам з Мазыра. Добрай была і атака.
Спартсменкі з Гомельскай вобласці стараліся ўзяць верх за кошт гульнявой дысцыпліны і надзейнай гульні ў абароне. Часам ім удаваліся добрыя розыгрышы. У прыватнасці, упартай атрымалася барацьба ў другім сэце і ў пачатку трэцяй партыі. Але "Мінчанку" на шляху да чарговай перамогі на рэспубліканскім чэмпіянаце было не спыніць.
Такім чынам, валейбалісткі "Жамчужыны Палесся" сталі ўладальніцамі сярэбраных медалёў. Бронзу некалькімі гадзінамі раней выйграла брэсцкае "Прыбужжа", якое не пакінула шанцаў магілёўскаму "Камунальніку-МДУ".-0-