
6 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Валейбалісткі "Мінчанкі" сёння ў Туле правядуць першы паядынак папярэдняга этапу адкрытага Кубка Расіі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У стартавым матчы 4-й зоны чэмпіёнкі Беларусі згуляюць з "Дынама" з Анапы. Заўтра падапечныя Сяргея Юркіна сустрэнуцца з краснадарскім "Дынама", 8 верасня - паядынак з "Ліпецкам", 10 верасня - гульня з мясцовай "Туліцай", 11 верасня - матч супраць курскага клуба "ЮЗГУ-Атам". У паўфінальную стадыю выйдуць па 3 лепшыя каманды з чатырох папярэдніх груп.
У першай сустрэчы новага чэмпіянату Расіі валейбалісткі "Мінчанкі" 24 верасня згуляюць у гасцях у маскоўскага "Дынама". Па выніках двухкругавога турніру з матчамі дома і ў гасцях восем камандаў выйдуць у чвэрцьфінал і прадоўжаць барацьбу за ўзнагароды. У мінулым сезоне "Мінчанка" не змагла трапіць у плэй-оф і завяршыла сезон на 12-м месцы сярод 14 каманд чэмпіянату Расіі.
На нядаўняй перадсезоннай сустрэчы з журналістамі старшыня ВК "Мінск" Сяргей Рускевіч адзначыў, што ў розыгрышы Кубка Расіі чэмпіёнкі Беларусі маюць намер прабіцца ў паўфінальную стадыю, а ў расійскай суперлізе хочуць увайсці ў дзясятку мацнейшых.-0-