Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
05 снежня 2019, 11:11

Валейбалісткі "Мінчанкі" перамаглі швейцарскі "Вітэас" у першым матчы 1/16 фіналу Кубка ЕКВ

5 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Валейбалісткі "Мінчанкі" перамаглі швейцарскі "Вітэоас" у першым матчы 1/16 фіналу Кубка ЕКВ з лікам 3:0 (25:11, 26:24, 25:22), паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Падапечныя Віктара Ганчарова з самага пачатку сустрэчы паказалі гасцям са Швейцарыі сур'ёзнасць сваіх намераў, вельмі хутка завалодаўшы ініцыятывай. Каб выйграць стартавы адрэзак матчу, "Мінчанцы" спатрэбілася 15 хвілін.

Другую партыю валейбалісткі з "Вітэаса" пачалі актыўна. Калі лік стаў 11:17 на карысць швейцарак, беларуская каманда змагла адыграць дэфіцыт у шэсць мячоў. Канцоўку "Мінчанка" правяла лепш за саперніц.

Трэці сэт пачаўся з удалых атак валейбалістак абедзвюх каманд, якія доўгі час не маглі дабіцца вырашальнай перавагі. Швейцаркі ў сярэдзіне сэта пайшлі на некалькі ачкоў у адрыў, але "Мінчанка" пусцілася ў пагоню. У барацьбе характараў мацнейшай была каманда Віктара Ганчарова.

Самым рэзультатыўным іграком сярод беларусак стала Аксана Кавальчук, якая прынесла беларускай камандзе 15 ачкоў.

Сустрэча ў адказ "Мінчанкі" з "Вітэасам" адбудзецца ў Швейцарыі 18 снежня.

У 2017 годзе "Мінчанка" дайшла да фіналу Кубка ЕКВ, стаўшы першым за 30 гадоў беларускім клубам, які сыграў у вырашальнай стадыі еўракубкаў. Уступіўшы ў двухматчавым проціборстве турэцкаму "Экзачыбашы-ВітрА", падапечныя Віктара Ганчарова сталі ўладальніцамі сярэбраных узнагарод розыгрышу другога па значнасці трафея еўрапейскага клубнага валейбола.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі