
15 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Валейбалісткі "Мінчанкі" другі раз абыгралі магілёўскі "Камунальнік-МДУ" ў паўфінальнай серыі жаночага чэмпіянату Беларусі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
14 красавіка на пляцоўцы сталічнага спарткомплексу "Уручча" дзеючыя чэмпіёнкі краіны зноў не далі магчымасці саперніцам выйграць хаця б адну партыю, абыграўшы з сухім лікам 3:0 (25:17, 25:17, 25:13). 13 красавіка ў першай сустрэчы падапечныя Станіслава Салікава выйгралі з такім жа рэзультатам. Трэці паядынак паўфінальнай серыі адбудзецца 17 красавіка ў Магілёве.
У іншым паўфінале брэсцкаму "Прыбужжу", гэтак жа, як і сталічнай камандзе, засталося атрымаць адну вікторыю над мазырскім клубам "Жамчужына Палесся". У гасцях брастаўчанкі двойчы выйгралі з аднолькавым рэзультатам 3:1. Іх наступная сустрэча адбудзецца 16 красавіка ў Брэсце.
У мужчын у разгары медальныя баталіі. У серыі за золата валейбалісты салігорскага "Шахцёра" двойчы ва ўпартай барацьбе абыгралі на тай-брэйках мінскі "Будаўнік" - 3:2. Трэці паядынак адбудзецца ў суботу, 16 красавіка. У барацьбе за бронзу валейбалісты гомельскай "Энергіі" два разы перамаглі на выездзе абухаўскі "Легіён" - 3:0 і 3:2. Заўтра сапернікі сустрэнуцца ў Гомелі.-0-