Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
12 мая 2020, 14:25

Вахавяк: перанос Алімпіяды з'яўляецца дадатковым шанцам для маладых дзюдаістаў

12 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Перанос Алімпіяды з'яўляецца дадатковым шанцам трапіць на галоўны старт чатырохгоддзя для маладых дзюдаістаў. Такое меркаванне карэспандэнту БЕЛТА выказаў член нацыянальнай каманды па дзюдо Аляксандр Вахавяк (вагавая катэгорыя звыш 100 кг).

"Мы трэніруемся ў звычайным рэжыме на базе "Чыжоўка-Арэны", тут праходзіць трэніровачны збор, за станам нашага здароўя штодзённа сочаць урачы. Робім акцэнт на сілавой падрыхтоўцы. Жывём у гасцініцы. На месцы ёсць усё неабходнае, - сказаў Аляксандр Вахавяк. - У дзюдо высокая канкурэнцыя, і з кожным годам трымаць форму становіцца ўсё больш складана. Тым не менш пастараюся трапіць на Гульні ў Токіа. Для маладых атлетаў перанос Алімпіяды з'яўляецца шанцам. Гэта дадатковая магчымасць папрацаваць над слабымі бакамі і трапіць на галоўны старт чатырохгоддзя".

Спартсмен адзначыў высокую канкурэнцыю ў нацыянальнай камандзе, дадаўшы, што тым не менш адчуваецца няхватка спарынг-партнёраў у цяжкай вазе. "Калі браць Беларусь, то ў нас па сутнасці тры спартсмены цяжкай вагі: я, Уладзіслаў Цярпіцкі і Ягор Кухарэнка. Мы дапамагаем адзін аднаму, абменьваемся вопытам, працуем", - дадаў ён.

Яго асабісты трэнер, заслужаны майстар спорту СССР па самба, экс-настаўнік зборнай Беларусі па дзюдо Магамед Рамазанаў лічыць, што для таго, каб беларускія дзюдаісты трапілі на Алімпіяду ў Токіа трэба вельмі шмат працаваць, у тым ліку і з самбістамі. "Я лічу, што самбісты і дзюдаісты павінны трэніравацца разам. Калі я з'яўляўся галоўным трэнерам зборнай Беларусі, так і было. Думаю, тады наш поспех заключаўся ў адзінстве. У нас кожны спартсмен чэрпаў з іншых відаў барацьбы для сябе штосьці неабходнае. Да таго ж колькасць спарынг-партнёраў у разы павялічылася б", - сказаў знакаміты настаўнік.

Чэмпіянат Еўропы па дзюдо ў Празе павінен быў прайсці з 30 красавіка па 3 мая, але з-за пандэміі каранавіруса перанесены на 8-10 лістапада.

XXXII летнія Алімпійскія гульні плануецца правесці ў Токіа з 23 ліпеня па 8 жніўня 2021 года.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі