Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
10 лютага 2022, 09:00

Удзельнікі пекінскай Алімпіяды сёння разыграюць 8 камплектаў узнагарод

10 лютага, Пекін /Кар. БЕЛТА/. Удзельнікі XXIV зімовых Алімпійскіх гульняў у Пекіне сёння разыграюць 8 камплектаў узнагарод, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

На схіле снежнага парку Геньцін беларускія фрыстайлісты прымуць удзел у змешаным камандным турніры, які ўпершыню ўключаны ў алімпійскую праграму. Кожная каманда складаецца з трох лыжных акрабатаў: два мужчыны і адна жанчына альбо дзве жанчыны і адзін мужчына. Іх індывідуальныя рэзультаты падсумоўваюцца і перамагае каманда з найбольшай колькасцю ачкоў. У складзе зборнай Беларусі да Гульняў рыхтаваліся алімпійская чэмпіёнка Пхёнчхана-2018 Ганна Гуськова, а таксама Ганна Дзяруга, Настасся Андрыянава, Станіслаў Гладчанка, Максім Гусцік, Павел Дзік, Макар Мітрафанаў.

На канькабежным авале лідар беларускай каманды Марына Зуева будзе змагацца за ўзнагароды на дыстанцыі 5000 м.

Беларускі фігурыст Канстанцін Мілюкоў выступіць з адвольнай праграмай у ліку 24 саіскальнікаў алімпійскіх узнагарод.

Без беларусаў сёння вызначацца чэмпіёны і прызёры ў спаборніцтвах па снаўбордзе (жанчыны, хафпайп; мужчыны, крос), гарналыжным спорце (мужчыны, камбінацыя, слалам), лыжных гонках (жанчыны, 10 км) і санным спорце (камандная эстафета).

Усяго на пекінскай Алімпіядзе разыгрываецца 109 камплектаў узнагарод у сямі відах спорту. За алімпійскія медалі спрачаюцца прадстаўнікі 91 каманды. Беларускія атлеты выступаюць у шасці відах спорту: біятлон, фрыстайл, канькабежны спорт, горныя лыжы, фігурнае катанне, лыжныя гонкі. Закрыццё Гульняў адбудзецца 20 лютага.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі